Белорусский портал в Казахстане

Выхадцы з ЗША, Нігерыі, Сірыі і Шры-Ланкі ўпершыню прымуць удзел у фестывалі нацыянальных культур у Гродне



Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Выхадцы з ЗША, Нігерыі, Сірыі, Шры-Ланкі, а таксама Чачні (РФ) упершыню прымуць удзел у фінальных мерапрыемствах XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Аб гэтым 22 красавіка на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

У заключных мерапрыемствах фестывалю прымуць удзел прадстаўнікі 37 нацыянальнасцей - лепшыя абшчыны і калектывы, адабраныя ў час рэгіянальных тураў форуму ў розных кутках краіны.

У Гродне прэзентуюць сваю творчасць і традыцыі ў тым ліку не вельмі шырока распаўсюджаныя ў Беларусі нацыянальнасці, з іх пяць будуць прадстаўлены ўпершыню.

У дні фестывалю шматнацыянальныя ўдзельнікі будуць у цэнтры ўвагі ў час традыцыйнага шэсця і адкрыцця, у канцэртах, іншых эпізодах, галоўным з якіх з`яўляецца падарожжа па нацыянальных падворках.

У гэтым годзе іх будзе 22, паколькі малалікія ўдзельнікі аб`яднаюцца. Тым не менш кожная нацыянальнасць пастараецца шырока прадставіць сваю творчасць і здабытак. У гэтым годзе прапанавана аформіць падворкі з выкарыстаннем элементаў традыцыйнага жылля - у выглядзе беларускай хаткі, каўказскай саклі, можна павесіць гамак, выкарыстоўваць разныя аканіцы або іншыя элементы інтэр`ера, вонкавага ўбрання будынкаў, уласцівыя розным народам.

Фестываль нацыянальных культур праходзіць у Беларусі кожныя два гады з 1996 года. Ён стартуе ў раёнах, праходзяць абласныя конкурсы, сталіцай жа фінальных мерапрыемстваў па традыцыі з`яўляецца Гродна.

У гэтым годзе фінальныя мерапрыемствы пройдуць 3-5 чэрвеня, цырымонія адкрыцця адбудзецца на дзень пазней, чым планавалася раней, - 4 чэрвеня.

Форум па фармаце не мае аналагаў у свеце. Ён збліжае і аб`ядноўвае ўсе нацыянальныя меншасці, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, садзейнічае захаванню нацыянальнай самабытнасці і разам з тым узаемаразуменню і ўзаемнаму ўзбагачэнню культур.

Заснавальнікамі форуму з`яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Гродзенскі аблвыканкам і Гродзенскі гарвыканкам.

22 красавіка 2016, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/613/35302
Текущая дата: 26.12.2024