Белорусский портал в Казахстане

Гербу Магілёва вярнулі Пагоню



Старадаўні беларускі сымбаль уштукавалі ў сьвятлодыёдныя гербы гораду, якія начэпліваюць як упрыгожваньні на слупах ліній электраперадач, што на ўезьдзе ў абласны цэнтар зь менскага напрамку.

Раней у прадпрыемстве «Магілёўсьвятло» заяўлялі, што «Пагоню» ў гарадзкі герб уштукаваць тэхнічна немагчыма.

Неўзабаве пасьля публікацыяў у незалежных мэдыях пра тое, што герб Магілёва без Пагоні парушае ня толькі афіцыйнае апісаньне гарадзкога сымбалю, але і ўказ Аляксандра Лукашэнкі, якім кіраўнік дзяржавы зацьвердзіў гэтае апісаньне, Пагоню вярнулі магілёўскаму гербу.

У старым варыянце ўпрыгожваньня замест Пагоні была адтуліна.

Цяперашні герб гораду гістарычны. У 1661 годзе Магілёву яго надаў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза. Тады гораду вярнулі Магдэбурскае права, якога пазбавілі ў 1654 годзе, калі гараджане ўпусьцілі ў горад маскоўцаў, якія прыйшлі вайной на беларускія землі. 1 лютага 1661 году магілёўцы паўсталі і перабілі маскоўскі гарнізон. Гораду вярнулі магдэбурскае права і надалі новы герб з Пагоняю.

Радыё Свабода, 16 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/614/35224
Текущая дата: 26.12.2024