Белорусский портал в Казахстане

"Казюкі" ў Гродне збяруць народных майстроў з чатырох краін



Каля 200 майстроў з Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі збяруцца ў Гродне 4 сакавіка на традыцыйны кірмаш "Казюкі".

Аб гэтым паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама.

Галоўная пешаходная вуліца Гродна - Савецкая - 4 сакавіка ператворыцца ў горад майстроў. Тут можна будзе набыць вырабы ручной работы, выкананыя ў розных тэхніках з шэрсці, гліны, саломы, металу, скуры, тканіны, бісеру і інш. Прычым майстры традыцыйна праводзяць майстар-класы, прапануючы наведвальнікам кірмашу паўдзельнічаць у вырабе сувеніраў, паспрабаваць свае сілы ў коўцы або ганчарнай справе.

"Ужо каля 200 майстроў выказалі жаданне прыняць удзел у традыцыйным кірмашы народнай творчасці "Казюкі". Прыедуць прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, майстры з Украіны і Расіі, а таксама рамеснікі з Літвы", - адзначылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама. Сярод асаблівасцей кірмашу не толькі святочны гандаль.

Цырымонію адкрыцця, канцэртную праграму традыцыйна праводзяць на трох мовах - беларускай, літоўскай і польскай.

Выступаюць тут і фальклорныя песенныя, танцавальныя калектывы. "У гэтым годзе плануем арганізаваць бясплатныя экскурсіі па гістарычным цэнтры горада. З групамі будуць працаваць адразу некалькі экскурсаводаў", - адзначылі ў Гродзенскім гарвыканкаме.

Кірмаш даўно стаў адной з самых значных падзей у культурным жыцці горада. Стартуе ён у 10 гадзін і прадоўжыцца ўвесь светлавы дзень. Кірмаш "Казюкі" праводзіцца ў Гродне штогод у памяць аб святым - заступніку моладзі, майстроў і рамеснікаў - Казіміры.

Святы Казімір быў унукам Ягайлы і сынам правіцеля Літвы і Польшчы - Казіміра IV. Малады княжыч з роду Ягелонаў пражыў нядоўгае жыццё, памёр 4 сакавіка 1484 года, яго астанкі з Гродна перавезены ў Вільню.

У 1604 годзе Казімір кананізаваны, яго пачалі шанаваць як заступніка майстравых людзей. Мошчы святога Казіміра знаходзяцца ў Вільнюскім кафедральным саборы. У Літве таксама шырока святкуюць "Казюкі" (Kaziukas), у літоўскіх гарадах і сталіцы праходзяць шматлікія кірмашы рамеснікаў. Галоўнымі атрыбутамі свята лічацца пернікі з урыўкамі з Евангелля і спецыяльна аформленыя галінкі вярбы - "казіміркі".

1 сакавіка 2016, Гродна
Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/617/34633
Текущая дата: 15.11.2024