Белорусский портал в Казахстане

У Парыжы адбылося адкрыццё І Беларускіх тэатральных сезонаў



У рамках Дзён беларускай культуры ў Парыжы адбылося адкрыццё І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі.

Ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца пасольства Беларусі ў Францыі пры падтрымцы Франка-беларускай асацыяцыі "Жыццё ў музыцы", Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі і міжнароднага грамадскага аб`яднання "МОО Тэатро". Фінансавую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі ЗААТ "Данон Беларусь" і авіякампанія "Белавія".

Як паведамляе прэс-служба пасольства, урачыстае мерапрыемства адбылося ў адным з найстарэйшых тэатраў Парыжа — "Ад`яр". Падчас мерапрыемства гледачам была прапанавана лірычная камедыя "Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў" паводле п`есы занакамітага французскага драматурга Жана-Клода Іслера ў выкананні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Тэатр-студыя кінаакцёра" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". 

Высокі ўзровень пастаноўкі камедыі быў адзначаны не толькі гледачамі, але і самім аўтарам п’есы Жанам-Клодам Іслерам, які прысутнічаў на спектаклі, адзначае пасольства.

Мерапрыемства сабрала 350 гледачоў, сярод якіх кіраўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Францыі і пры ЮНЕСКА, і дыпламаты Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана, прадстаўнікі беларускай дыяспары, французскіх дзяржаўных устаноў і грамадскасці.

Гасцям была прапанавана таксама выстава беларускага тэатральнага плаката "Тэатр у плакаце", на якой былі прадстаўлены творы сучасных беларускіх мастакоў.

Перад гасцямі выступіў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які адзначыў важнасць збліжэння беларускага і французскага народаў праз правядзенне знакавых культурных мерапрыемстваў. Латушка падкрэсліў, што 2016 год аб`яўлены Годам культуры ў Беларусі, што надае дадатковую магчымасць пазнаёміць з беларускім мастацтвам і замежнага гледача. 

Пасол Беларусі праінфармаваў, што Беларускія тэатральныя сезоны ў Францыі плануецца прадоўжыць пастаноўкай камедыі "Арт" паводле п`есы Ясміны Рэза ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, монаоперай аб жыцці Адама Міцкевіча "Адзінокі птах" у выкананні Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра, а таксама шэрагам іншых тэатральных мерапрыемстваў.

Мінск, 12 сакавіка 2016
Аляксей Арэшка, БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/621/34667
Текущая дата: 26.12.2024