Белорусский портал в Казахстане

Традыцыі дарослых і дзіцячых баляў будуць развіваць у музеі-сядзібе Агінскага ў Залессі



Пра гэта паведамілі ў дырэкцыі музея.

Традыцыі дарослых і дзіцячых баляў будуць развіваць у музеі-сядзібе М.К. Агінскага ў Залессі ў Год культуры.

Балі ў Залессі Смаргонскага раёна называюць брэндавымі мерапрыемствамі. У мінулым годзе ўдзельнікамі касцюміраваных танцавальных і тэатральных вечароў пажадала стаць больш людзей, чым магла прыняць сядзіба. На баль прыязджалі з Мінска, Гродна, некаторых раёнаў, замежныя госці. На калядны баль у студзені бягучага года толькі з Літвы прыбылі амаль 30 гасцей.

У чэрвені ў сядзібе чакаюць юных удзельнікаў балю. Яшчэ адзін бальны вечар плануюць правесці ў верасні ў час свята "Вяртанне Паўночных Афін", якое арганізуецца да дня нараджэння былога ўладальніка сядзібы, сусветна вядомага кампазітара, палітычнага дзеяча і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.

У Год культуры ў адрэстаўрыраванай сядзібе плануюць правесці мерапрыемствы міжнароднага і мясцовага маштабу. З найбліжэйшых - канцэрт вядомых выканаўцаў класічнай музыкі з Польшчы "Гданьскае трыа" 19 сакавіка.

Незвычайным абяцае стаць "Ноч музеяў" у сядзібе, аднак пакуль арганізатары не раскрываюць сакрэтаў. Запланавана правядзенне фестывалю батлеечнага мастацтва, фестывалю "Залессе збірае сяброў", вечароў раманса і канцэртаў, квест-гульняў і інш. Серыю мерапрыемстваў правядзе таксама мясцовы дабрачынны фонд "Паўночныя Афіны".

На тэрыторыі сядзібы хочуць арганізаваць зялёны пленэр, на які запросяць фларыстаў, ландшафтных дызайнераў і мастакоў з розных краін. Летам добраўпарадкаваннем парку ў Залессі будуць займацца ўдзельнікі міжнароднага валанцёрскага лагера. Музей-сядзіба князёў Агінскіх у Залессі Смаргонскага раёна адкрылася ў верасні 2014 года пасля рэстаўрацыі, праведзенай па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія - Літва - Беларусь", а таксама за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

Музею-сядзібе стараюцца вярнуць былую славу "Паўночных Афін", як сядзібу называлі раней, - месца, куды прыязджалі вядомыя дзеячы з Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Варшавы і іншых гарадоў.

У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 год). Тут ён стварыў самы вядомы твор - паланэз "Развітанне з Радзімай".

10 сакавіка 2016, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/622/34648
Текущая дата: 27.12.2024