Паводле слоў Лукашэнкі, забеспячэння жыцця старых, "якіх ніхто не даглядае", уваходзіць у задачы дзяржавы, у тым ліку на ўмовах рэнты.
Падчас наведвання 5 студзеня гарадскога дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы "Світанак" у пасёлку Траскоўшчына (Мінскі раён) Аляксандр Лукашэнка даручыў высветліць сітуацыю з размяшчэннем у дамах-інтэрнатах пажылых людзей, якія засталіся без кватэр.
"У некаторых ёсць дзеці, але старыя ідуць да нас, мы іх бярэм на абслугоўванне. У некаторых засталася ўласнасць, у асноўным кватэры. Да прыкладу, чалавек аддае кватэру дзецям або камусьці іншаму, калі няма дзяцей, — цытуе кіраўніка дзяржавы агенцтва БелТА. — Мы павінны забіраць старых, з іх згоды забіраем уласнасць і перадаем у распараджэнне дзяржавы".
Лукашэнка запатрабаваў правесці рэвізію і праінфармаваць, ці ёсць у дамах-інтэрнатах старыя, якія камусьці аддалі сваю кватэру або сталі ахвярамі так званых "чорных рыэлтараў". "Але зрабіць гэта трэба нефармальна, разам з мясцовымі органамі ўлады. Спытаць трэба і ў людзей, якія тут жывуць, яны раскажуць", — дадаў ён.
"Хапае нягоднікаў, якія кідаюць сваіх бацькоў, не даглядаюць іх. А ёсць і такія, якія не тое што старых даглядзець, сябе не даглядаюць. Пры гэтым кватэры ў бацькоў, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, ужо забралі, а можа і прапілі, перапрадалі", — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, неабходна дакладна вызначыць, як утрымліваць старых, што маюць у гэтым патрэбу, у гарадах або сельскай мясцовасці і хто будзе гэтым займацца — дзяржава або прыватныя структуры.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар`яна Шчоткіна лічыць, што клопат пра старых павінен заставацца ў руках дзяржавы. Пры гэтым яна падкрэсліла, што пажылыя людзі павінны ўтрымлівацца ў дзяржустановах толькі на платнай аснове, калі, да прыкладу, на працягу трох гадоў была ажыццёўленая здзелка аб адчужэнні ўласнасці. Міністр прапанавала павялічыць гэты тэрмін да пяці гадоў.
"Хоць да дзесяці гадоў, — заявіў Лукашэнка. — Я ж кажу: правядзіце рэвізію і паглядзіце, ці ёсць у нас такія людзі, у якіх адабралі жыллё. Калі чалавеку нармальна растлумачыць, ён, канешне ж, дзяржаве аддасць кватэру, і, безумоўна, павінен быць дзяржаўны клопат пра пажылых людзей. Ніякія прыватнікі гэтую праблему не вырашаць так, як вырашыць яе дзяржава".
Грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, Чырвоны Крыж могуць аказаць дапамогу ў гэтай сферы, але "клопат пра пажылых людзей — гэта ў асноўным дзяржаўная задача", падкрэсліў Лукашэнка.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 5 студзеня 2016
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 5 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/626/33767
Текущая дата: 15.11.2024