Цікавы калядны падарунак зрабіла студыя Oede.by для шматдзетных сямей.
Першая кулінарная школа зладзіла дабрачынную акцыю, дзе маленькіх кухараў тонкасцям майстэрства вучылі вядомыя майстры Вячаслаў Гарбатаў, Алена Мікульчык, Андрэй Рэзнікаў і Вераніка Галабурда.
Працаваць з дзецьмі не складаней, але больш адказна і цікава, адзначыла вядомая знаўца беларускай кухні, аўтарка кніг і вядучая тэлепраграм Алена Мікульчык. У форме гульні яна вучыла дзетак, як прыгатаваць стравы XIX стагоддзя, як карыстацца кухоннымі прыладамі, і распавядала пра гісторыю паходжання розных страваў.
На першае падалі суп з клёцкамі з жытняй мукі, вельмі папулярную страву за тымі часамі. “Беларусы гатавалі поліўку, а гэта не тое самае”, — падкрэсліла Мікульчык. Другой стравай стала лазанка ў спалучэнні з мачанкай. “Цяпер вельмі папулярная італьянская паста з соўсамі. У нас ёсць свой аналаг”, — адзначыла кухарка. А на салодкае – пірог у выглядзе карзіначак з вяршкамі.
Адзін з бацькоў Зміцер не першы раз прыводзіць сваіх дзетак на такі майстар-клас: “Пра гэты праект нам распавяла Алена. Нам вельмі цікава і падабаецца тое, што тут адбываецца. Мы ўдзячны і паварам, і матулям, якія ўдзельнічаюць у гэтай акцыі”.
Ён распавёў, што ў пэўнай ступені на такіх занятках вучацца не толькі пачынаючыя кухары, але і дарослыя людзі: “Мы насамрэч не зусім разумеем, што такое беларуская нацыянальная кухня. Гэта адкрыцці для нас у першую чаргу”.
Кухар, эксперт беларускай кухні распавяла, што дзеці — гэта самая ўдзячная публіка, якая толькі можа быць: “Дабрачыннымі праектамі, звязанымі з дзеткамі, займаюся ўжо пяць гадоў. “Кулінарыя плюс” у Ашмянах — на гэты праект я езджу з камандай штомесяц, мы ладзім заняткі. А сёння ў нас дзеткі з шматдзетных сямей. Некаторыя ездзілі са мной і ў Ашмяны, знаёміліся з дзеткамі там і вучыліся разам гатаваць на той вялікай кухні”.
Алена пераканана, што спрашчаць кухню для дзяцей не варта: “Дзеці здольныя на большае, чым вы сабе можаце ўразіць. Яны ўсё прыгатуюць. Мы гатавалі з імі і стравы замежнай кухні. Нават вытанчаную французскую кухню. Усё дзеці могуць зрабіць. Іх трэба толькі накіраваць. Ім цікава рабіць складаныя рэчы”.
Наконт бяспекі Мікульчык упэўнена, што дзецей на майстар-класах варта вучыць правільна карыстацца нажамі і астатнімі прыладамі. “У нас два кухара на 15 дзяцей. Бацькі таксама назіраюць, і мы сочым за гэтым. Але дзеці слухаюцца, трымаюць нож так, каб не парэзацца”, — распавяла Алена.
Дзеці не толькі бавілі час з кухарамі. Да іх завіталі аніматары, а пасля маленькія госці кулінарнага свята атрымалі падарункі ад партнераў акцыі.
Навіны, 9 студзеня 2016
Навіны, 9 студзеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/626/35066
Текущая дата: 15.11.2024