Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прапаноўвае адлюстраваць ролю традыцыйнай сям`і ў выніковым дакуменце саміту ААН, які пройдзе ў верасні



З гэтай прапановай выступіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў пры абмеркаванні праекта дакумента ў межах міжурадавых перамоў па падрыхтоўцы да саміту ААН, якія праходзяць 27—31 ліпеня ў Нью-Ёрку.

На маючым адбыцца саміце плануецца прыняць парадак дня ўстойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 года, паведамляе прэс-служба МЗС. Як зазначыў Рыбакоў, тэма традыцыйнай сям`і ў выніковым дакуменце саміту апраўдае чаканні мільёнаў людзей, якія вераць у сілу і важнасць сям`і. 

Апрача таго, у кантэксце Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаецца 30 ліпеня, Рыбакоў заклікаў замацаваць у выніковым дакуменце саміту "неабходнасць далейшых шматбаковых намаганняў па супрацьдзеянні гэтай недапушчальнай з`яве".

Беларусь таксама зацікаўленая ў адлюстраванні ў выніковым дакуменце саміту ААН такіх прыярытэтных для яе пытанняў, як улік інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу, садзейнічанне развіццю тэхналогій і энергетыкі, фінансаванне развіцця, адмова ад аднабаковых прымусовых мер і санкцый.

У Нью-Ёрку Рыбакоў сустрэўся з сустаршынёй гэтага перамоўнага працэсу, пастаянным прадстаўніком Кеніі пры ААН Мачарыя Камау. На сустрэчы былі дэталёва абмеркаваныя варыянты дапрацоўкі выніковага дакумента саміту і магчымасці ўключэння ў яго палажэнняў, якія маюць прынцыповае значэнне для агульнасусветнага ўстойлівага развіцця. "Сустаршыня адзначыў станоўчую ролю Беларусі ў перамовах па падрыхтоўцы дакумента саміту ААН", — зазначае прэс-служба МЗС.

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі Валянцін Рыбакоў даў інтэрв`ю рускай службе Радыё ААН. Ён, у прыватнасці, нагадаў, што менавіта Беларусь у рэзалюцыі 68-й сесіі Генеральнай асамблеі па барацьбе з гандлем людзьмі ініцыявала заснаванне Сусветнага дня, і гэтая ініцыятыва атрымала безагаворачную падтрымку дзяржаў — членаў ААН.

БелаПАН
Мінск, 30 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/652/32178
Текущая дата: 27.12.2024