Белорусский портал в Казахстане

Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Рэспубліцы Хакасія і Забайкальскаму краю РФ



Рашэнне аб аказанні гуманітарнай дапамогі Рэспубліцы Хакасія і Забайкальскаму краю было прынята кіраўніком дзяржавы.

Беларусь накіравала гуманітарную дапамогу Рэспубліцы Хакасія і Забайкальскаму краю Расійскай Федэрацыі.

Паводле інфармацыі расійскага МНС, у 55 населеных пунктах на поўдні Сібіры ад агню пацярпела 1.469 прыватных жылых дамоў, больш за палову з іх — у Рэспубліцы Хакасія. У васьмі пунктах часовага размяшчэння цяпер знаходзіцца 528 чалавек, у тым ліку 114 дзяцей.

Беларусь накіравала пацярпелым ложкі, коўдры і пасцельныя прылады, кансервы, дзіцячыя малочныя сумесі, мыла, прадметы гігіены, адзенне і абутак, лекі, бытавую тэхніку (мікрахвалевыя печы). Агульная маса грузу складае каля 34 тон, паведамляе сайт беларускага МНС.

Фінансаванне прадугледжана за кошт сродкаў, выдзеленых з расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі. У склад гуманітарнага грузу ўключаны матэрыяльныя каштоўнасці на суму каля 2,25 млрд. рублёў.

У фарміраванні грузу ўдзельнічала больш за дзесяць прадпрыемстваў і арганізацый, падведамасных канцэрнам "Беллеспаперапрам" і "Беллегпрам", міністэрствам прамысловасці, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях, а таксама абласным выканкамам.

Пагрузка двух буйнатанажных кантэйнераў павышанай умяшчальнасці з гуманітарнай дапамогай ажыццяўлялася на чыгуначнай станцыі Калядзічы. Кантэйнеры адправіліся па маршруце Мінск — Абакан.

БелаПАН
Мінск, 31 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/654/31189
Текущая дата: 15.11.2024