Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Маладзечна-2015" прадставіць панараму сучаснай беларускай музыкі



Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.

Праграма ХV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2015" прадставіць панараму сучаснай беларускай музыкі. 

У Беларусь цяпер прыязджаюць сусветныя зоркі, і таму вельмі важна падтрымаць беларускіх музыкантаў, канкурыраваць якім з імі вельмі складана, адзначыла Ірына Дрыга. На фестывалі будуць паказаны знакамітыя брэнды, такія як аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, "Песняры", "Верасы", і маладыя артысты. Фестываль прадставіць тых выканаўцаў, творчасць якіх развілася за гады незалежнасці Беларусі.

Праграма фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2015" будзе вельмі насычанай, на галоўнай пляцоўцы пройдзе пяць канцэртных праграм, не лічачы таго, што ўвесь горад Маладзечна стане адной вялікай канцэртнай пляцоўкай. Галоўнымі мерапрыемствамі будуць канцэрты ўрачыстага адкрыцця фестывалю "Беларусь незалежная ў песнях і вершах" і закрыцця "Вялікія песні вялікага народа" з удзелам вядучых артыстаў беларускай эстрады, вядомых кампазітараў, паэтаў, акцёраў мінскіх тэатраў, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго салістаў.

Сімвалічным у Год моладзі стане правядзенне 6 чэрвеня рэспубліканскага этапу XV Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які стане стартавай пляцоўкай для маладых таленавітых артыстаў. Конкурс пройдзе ў суправаджэнні аркестра. Мастацкі кіраўнік конкурсу - народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

На свяце адбудуцца новыя творчыя праекты - канцэрт народнай музыкі "Мелодыі роднай зямлі" з удзелам ансамбляў народнай музыкі "Бяседа", "Свята", фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Неруш", паэтычная гасцёўня "Квітней, Беларусь!" і канцэрт "Беларусь святочная" з удзелам вядомых паэтаў і творчых калектываў Беларусі.

У заключны фестывальны дзень 7 чэрвеня для паклоннікаў беларускай эстрады запланаваны юбілейны канцэрт вядомага кампазітара Алега Молчана "Песня мая...". У ім прымуць удзел народныя і заслужаныя артысты Беларусі, вядучыя прафесійныя калектывы. Заключным акордам фестывалю стане канцэрт маладых папулярных выканаўцаў "Зоркі "Зорнага дыліжанса". З таго часу, калі з`явіліся гэтыя зоркі, сёння можна будзе ўбачыць, якіх вышынь яны дасягнулі. Гэта Ганна Шаркунова, Герман, Дзмітрый Калдун і іншыя, хто стаў вядомы не толькі на радзіме, але і за яе межамі.

Пройдзе дзіцячы конкурс, шмат забаўляльных праграм. Ні на адным фестывалі глядач не мае магчымасці пачуць у такім канцэнтраваным аб`ёме беларускую музыку, падкрэсліла Ірына Дрыга.

Унікальны творчы форум, які па праву лічыцца адным з самых буйных і найбольш значных у Беларусі, прызначаны садзейнічаць папулярызацыі айчыннай літаратуры, песні і музычнага мастацтва і ўзбагачаць нацыянальную культуру.

ХV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2015" пройдзе 5-7 чэрвеня. Арганізатары фестывалю - Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, дзяржаўная ўстанова "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі", ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".

27 траўня 2015, Мінск
БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/655/31180
Текущая дата: 15.11.2024