Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве пачаўся міжнародны фэстываль духоўнай музыкі "Магутны Божа"



Асноўныя фестывальныя мерапрыемствы пачнуцца 23 чэрвеня.

У Магілёве 20—27 чэрвеня праходзіць ХХІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа". Яго ўдзельнікамі сталі 500 музыкаў з больш як 20 краінаў. 

Конкурсная праграма фестывалю пройдзе ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. 

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, а таксама ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама ды Магілёўскі гарвыканкам. У палажэнні фестывалю пазначана, што спрыяюць яго правядзенню Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі і патрыяршы экзарх, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

Фестываль распачаўся 20 чэрвеня з адкрыцця аднаго з асноўных яго мерапрыемстваў — Міжнароднай духоўна-асветніцкай выставы-кірмашу "Беларусь праваслаўная". Маштабны праект у межах фестывалю праводзіцца ўпершыню.

"Мы хочам паказаць усю культуру праваслаўя, усю яе прыгажосць, — адказвае адна з арганізатарак выставы. — Удзельнікі з Украіны, Малдовы, Расіі і Беларусі прадстаўляюць вядомыя і не вельмі вядомыя храмы, манастыры ды выдавецтвы. Ёсць сярод удзельнікаў і майстры. На просьбу гарвыканкама выставу праводзім у межах фестывалю "Магутны Божа", каб тыя, хто прыедзе на фэст, пабачылі нашы праваслаўныя храмы, нашы святыні беларускія".

У адмысловых павільёнах выстаўлена на продаж праваслаўная літаратура, абразы, прадметы царкоўнага ўжытку, а таксама сувеніры, прадукты пчалярства ды лекавыя зёлкі. Большасць удзельнікаў, праваслаўных прыходаў, мае падпарадкаванне Маскоўскаму патрыярхату.

Адкрыццё выставы-кірмашу выдалася нешматлюдным. Бальшыня наведнікаў не заўважылі ўрачыстасці. Святары адслужылі літургію. На яе сабралася невялікая грамада людзей. Прагучалі вітальныя выступы на рускай мове. Намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч у прыватнасці зазначыў: "Праваслаўе ў шэрагу з іншымі традыцыйнымі канфесіямі — неадлучная часткай духоўна-маральнага падмурку, на які абапіралася і абапіраецца наша грамадства і дзяржава. Асабліва цяпер у нашым няпростым, імкліва зменлівым свеце, як ніколі раней актуальна прыхільнасць да традыцыйных, агульнахрысціянскіх каштоўнасцяў, скіраваных на падтрыманне міру, дабрыні, любові і справядлівасці".

На выставе ў павільёне выдавецтва Беларускага экзархата адшукалася толькі адна кніга на беларускай мове "Свяшчэннае Евангелле" і з дзясятак прапанавалі на рускай мове пра гісторыю і культуру беларускага праваслаўя.

Паводле слоў прадаўца, беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры выдаецца дужа мала, бо яна не карыстаецца попытам.

Абвесткі пра фестываль спрэс рускамоўныя. Расцяжка над адной з цэнтральных гарадскіх магістраляў, праспекце Міру, якой вітаюць удзельнікаў, таксама на рускай мове. Панаванне рускай мовы ў рэкламе фестывалю звыкла тлумачаць тым, што беларускую не ўсе ўдзельнікі разумеюць.

Бальшыня магілёўцаў, з якімі ўдалося пагутарыць, прызнаваліся, што ўпершыню ад журналіста даведаліся пра пачатак фестывалю. Нямногія маглі апавесці пра гісторыю знакавага для горада мерапрыемства. Яшчэ менш маглі прыгадаць, чаму фестываль названы "Магутны Божа". Некаторыя сцвярджалі, што наведвалі раней канцэрты фэсту альбо збіраюцца гэта зрабіць сёлета.

Як і ў апошнія гады, застаецца інтрыга фестывалю, ці прагучыць на гала-канцэрце гімн "Магутны Божа".

БелаПАН, 21 чэрвеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/657/31601
Текущая дата: 26.12.2024