Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка беларускіх мастакоў адкрылася ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Выстаўка "Паміж небам і зямлёй" беларускіх мастакоў Васіля Пешкуна і Ганны Сілівончык адкрылася 29 красавіка ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Вернісаж стаў першым публічным мерапрыемствам у пабудаваным у 2015 годзе будынку комплексу.

"Сённяшняя яркая падзея адкрывае цыкл мерапрыемстваў выставачнай дзейнасці комплексу, - сказаў дырэктар Дзелавога і культурнага комплексу Сяргей Шарамецьеў. - Наша ключавая задача - прапагандаваць, папулярызаваць у брацкай Расіі беларускую культуру, шукаць і раскрываць новыя імёны і таленты".

У адабраных для выстаўкі работах Ганна Сілівончык паспрабавала перадаць глыбінную сувязь чалавека і прыроды, даць магчымасць адчуць беларускі дух і каларыт. У сваёй творчасці яна часта звяртаецца да тэмы беларускага фальклору і этнаграфіі. Васіль Пяшкун аддае перавагу пленэрнаму жывапісу і шмат падарожнічае па Беларусі, пераносячы на свае палотны яе прыродную і архітэктурную разнастайнасць. Ён лічыць, што ў прадстаўленых на выстаўцы пейзажах складана вызначыць, беларускія гэта матывы ці расійскія. Мастаку даводзілася працаваць не толькі ў Беларусі, але і Маскве, Падмаскоўі і Суздалі. Васіль Пяшкун прапанаваў прадставіць у будучым на пляцоўцы комплексу цыкл сваіх работ "Масква вачыма беларуса".

30 красавіка 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/660/30760
Текущая дата: 15.11.2024