Аб гэтым паведамілі арганізатары экспазіцыі ў замку.
На выстаўцы паказана 29 экспанатаў, жамчужынай з\`яўляецца адзіны на гэты час экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі 1563 года выдання, які захаваўся на тэрыторыі Беларусі. Сусветна вядомая біблія была надрукавана ў Брэсцкай друкарні. Кніга ўяўляе сабой поўны тэкст Святога Пісання на польскай літаратурнай мове XVI стагоддзя. Гэта біблія стала адным з самых поўных і дасканалых выданняў свайго часу на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ёй 738 старонак, 14 гравюр. З вялікім майстэрствам выкананы застаўкі, віньеткі, вялікія літары-ініцыялы. На палях старонак размяшчаюцца каментарыі да тэксту. Гравюры з Радзівілаўскай Бібліі прызнаны шэдэўрамі беларускай графікі. На тытульным лісце выгравіраваны герб Радзівілаў. На першай старонцы прысутнічае прысвячэнне каралю Жыгімонту Аўгусту. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання Беларусі ў Брэсцкай Бібліі змешчаны прадметны паказальнік.
Экспазіцыя кніг радзівілаўскай бібліятэкі эпохі Мікалая Радзівіла Чорнага падабрана з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Калекцыя кніг, якія належалі Радзівілам, з фондаў ЦНБ НАН - адзін з самых вялікіх кніжных збораў, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі. У яго складзе больш як 3,5 тыс. друкаваных і рукапісных дакументаў. Тэматыка выданняў, якія ўваходзяць у бібліятэку, вызначаецца вялікай разнастайнасцю, закранае розныя сферы чалавечага жыцця.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/661/30761
Текущая дата: 15.11.2024