Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя Беларусі бярэ ўдзел у сесіі Выканаўчага савета ЮНЕСКА



Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў Францыі.

У складзе дэлегацыі: адказны сакратар Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Юрый Амбразевіч, пасол, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка, дарадца пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА Аляксей Панфераў.

У парадак дня сесіі Выканаўчага савета ўключаныя 34 пытанні, у тым ліку аб выкананні рэзалюцый ЮНЕСКА, глабальных ініцыятыў і праграм, аб двухбаковых адносінах і адносінах арганізацыі з няўрадавымі партнёрамі ЮНЕСКА.

Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з дырэктарам Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Кішорам Раа, дырэктарам сектара Праграмы ўдзелу ЮНЕСКА Стоянам Банчавым, дырэктарам дэпартамента па сувязях з дзяржавамі — членамі і партнёрамі ЮНЕСКА Генцам Сейці.

Абмеркаваныя перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА. Суразмоўцам была дадзеная інфармацыя аб дзейнасці Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, аб планах беларускага боку па рэалізацыі праектаў арганізацыі, прэзентаваныя ініцыятыўныя прапановы Беларусі аб новых формах заахвочвання і аховы аб`ектаў культурнай спадчыны.

Праведзеныя сустрэчы з кіраўніцтвам пастаянных прадстаўніцтваў і нацыянальных камісій Балгарыі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Францыі і Чэхіі. Закраналіся пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння па рэалізацыі сумесных праектаў.

196-я сесія Выканаўчага савета ЮНЕСКА завершыцца 23 красавіка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/662/30646
Текущая дата: 16.11.2024