Белорусский портал в Казахстане

Аўгустоўскі канал 31 мая адкрые летні турыстычны сезон святам народнай творчасці



Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч.

Адкрытае рэгіянальнае свята народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў" пройдзе на шлюзе Дамброўка і па традыцыі азнамянуе пачатак рэкрэацыйнага сезона, які ў гэтым годзе пачнецца крыху пазней з-за сырога і халаднаватага надвор`я. Для гродзенцаў і турыстаў арганізатары падрыхтавалі разнастайную праграму, яна разлічана на ўвесь светлавы дзень. Гасцей чакаюць канцэрты, гульні для дарослых і дзяцей, конкурсы, тэатралізаваныя пастаноўкі.

Па ўжо існуючай традыцыі старт святу дасць касцюміраванае тэатралізаванае шэсце ўстаноў культуры Гродзенскага раёна, якое завершыцца сімвалічным спускам на ваду карабля, зрабленага з падручных сродкаў.

У праграме фестывалю таксама выстаўка-кірмаш вырабаў народных умельцаў. Майстры аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра правядуць майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для гасцей адбудзецца таксама выстаўка-кірмаш кулінарных вырабаў, пройдуць канцэрты вядомых ансамбляў і эстрадных выканаўцаў вобласці. Будзе арганізавана дзіцячая гульнявая пляцоўка, выязны гандаль.

На шлюзе адкрыюцца больш за 20 гасцінных падворкаў розных устаноў культуры Гродзенскага раёна. Падворкі будуць змагацца ў аглядзе-конкурсе на самую арыгінальную ідэю і яе ўвасабленне.

Завершыцца свята танцавальна-забаўляльнай праграмай з удзелам творчых калектываў клубных устаноў.

Адкрытае рэгіянальнае свята народнай творчасці "Аўгустоўскі канал запрашае сяброў" праводзіцца штогод з мэтай развіцця і ўмацавання культурных сувязей, папулярызацыі народнай творчасці і традыцый, адпачынку на Аўгустоўскім канале. У жніўні рэкрэацыйны парк прымае яшчэ адзін, ужо міжнароднага значэння фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў". У летні перыяд на беларускай частцы канала праходзяць шматлікія сплавы, спартыўна-турыстычныя і іншыя мерапрыемствы. З 2 мая тут пачаў працаваць сезонны рачны пагранічны пункт "Лясная - Рудаўка", які дае магчымасць перасякаць беларуска-польскую граніцк арганізаваным групам на водных сродках перамяшчэння па папярэдніх заяўках. Цяпер вырашаюцца пытанні арганізацыі на папулярных участках канала сезонных пунктаў пракату, месц грамадскага харчавання і іншых аб`ектаў турыстычнай інфраструктуры. У стадыі рэалізацыі на Аўгустоўскім канале знаходзяцца некалькі больш буйных праектаў па стварэнні турысцка-рэкрэацыйных комплексаў і гасцініц.

26 мая 2015, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/662/31227
Текущая дата: 25.12.2024