Беларускае тэлеграфнае агенцтва стварыла інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі", прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На сайце peramoga.belta.by сканцэнтраваны вялікі аб`ём матэрыялаў і фота для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Для зручнасці карыстальнікаў інфармацыя разбіта па тэматычных рубрыках.
Тут можна знайсці падрабязнасці пра баі, якія, на думку гісторыкаў, вызначылі ўвесь ход Другой сусветнай вайны і сталі вырашальнымі для Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай. Асобная рубрыка прысвечана хроніцы вызвалення Беларусі. Раздзел "Рубяжы" расказвае не толькі пра тыя мясціны на тэрыторыі Беларусі, дзе ў гады вайны змагаліся з ворагам, але і тыя, дзе гітлераўцы забівалі сотнямі і тысячамі мірных жыхароў, дзе ў брацкіх магілах ляжаць нашы дзяды і прадзеды.
Цэлай плеядзе па-сапраўднаму яркіх, моцных асоб, якія ўзначалілі агульнанародную барацьбу з захопнікамі, прысвечаны раздзел "Легендарныя камбрыгі". А ў рубрыцы "Гісторыя адной фатаграфіі" цікавымі падрабязнасцямі са свайго ваеннага і пасляваеннага жыцця дзеляцца героі фотаздымкаў.
Трэба адзначыць, што на сайце прадстаўлена вялікая колькасць унікальных фатаграфій, якія даюць магчымасць паглядзець на падзеі тых далёкіх дзён. У фотагалерэі можна ўбачыць эксклюзіўныя здымкі карэспандэнтаў БЕЛТА пра баявыя дзеянні і жыццё людзей на акупіраванай тэрыторыі, этапы аднаўлення краіны і ўсенароднае свята - Дзень Перамогі. Дзякуючы супрацоўніцтву з Нацыянальнай бібліятэкай падрыхтавана рубрыка з фотакопіямі сатырычнага выдання "Раздавим фашистскую гадину", якое выходзіла з ліпеня 1941 года па май 1945-га.
І хоць усё далей і далей час уносіць нас ад тых суровых ваенных гадоў, сёння нельга забываць, хто выратаваў свет ад карычневай чумы і якую цану давялося заплаціць за мірнае жыццё. На думку стваральнікаў сайта, інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі" садзейнічае выхаванню падрастаючага пакалення, дае магчымасць далучыцца да гісторыі, вывучыць яе глыбей і дапамагае захаваць памяць аб вайне.
30 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА
30 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/667/30290
Текущая дата: 16.11.2024