Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель ня будзе прысутнічаць на парадзе Перамогі ў Маскве 9 траўня, але наведае расейскую сталіцу днём пазьней.
Прэсавы сакратар ураду Нямеччыны заявіў 11 сакавіка, што Ангела Мэркель адхіліла запрашэньне прыняць удзел у парадзе ў гонар 70-годзьдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Тым ня менш, прэсавы сакратар сказаў, што Мэркель наведае Маскву 10 траўня і ўскладзе вянок да Магілы невядомага жаўнера ля Крамлёўскай сьцяны разам з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным, які пагадзіўся з такой праграмай.
Расея адзначае заканчэньне Другой сусьветнай вайны ў Эўропе 9 траўня, у той час як заходнія ваенныя саюзьнікі Савецкага Саюза адзначаюць яго 8 траўня. Мала хто з заходніх лідэраў возьме ўдзел ва ўрачыстасьцях у расейскай сталіцы праз напружанасьць, якая склалася паміж Масквой і многімі краінамі сьвету ў выніку канфлікту ва Ўкраіне. Расея пацьвердзіла ў лютым, што сярод прысутных на парадзе Перамогі ў Маскве будзе паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын.
Радыё Свабода
11 сакавіка 2015, Менск
11 сакавіка 2015, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/670/30042
Текущая дата: 16.11.2024