Белорусский портал в Казахстане

Унія. Адроджаная беларуская царква



Беларускія грэка-католікі адзначаюць 11 сакавіка 25 гадоў аднаўленьня легальнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. Праз 150 гадоў забароны, ганеньняў і забыцьця.

11 сакавіка 1990 году ў каталіцкім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на менскай Кальварыі адбылася першая ў найноўшай гісторыі Менску імша паводле грэка-каталіцкага абраду. Яе правёў айцец Аляксандар Надсан.

У кастрычніку 1990 году ўніяцкая грамада сталіцы Беларусі атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Гэтак 2015-ты стаў для беларускіх уніятаў годам 25-гадовага юбілею адраджэньня Грэка-каталіцкай царквы ў сучаснай Беларусі.

Пра гісторыю і сучаснасьць беларускага ўніяцтва распавёў канцлер курыі апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі, айцец Яўген Усошын.

Гісторыя беларускага ўніяцтва — з глыбіні стагодзьдзяў

На беларускія землі хрысьціянства прыйшло непадзельным. А пасьля расколу на заходняе і ўсходняе хрысьціянства нашы продкі ня раз намагаліся аб’яднацца. Царкоўныя герархі яшчэ ў ХV стагодзьдзі бралі ўдзел у агульных саборах — да прыкладу, Канстанцкіх. Яшчэ адзін прыклад гэтага імкненьня, значна ранейшы, — Унія караля Данілы Галіцкага ў Драгічыне, падпісаньнем якой было прызнанае адзінства царквы. Некалькі дзясяткаў гадоў у Беларусі дзейнічала Флярэнтыйская унія. Такім чынам, яшчэ да Берасьцейскай уніі 1596 году нашы продкі вызнавалі царкоўнае адзінства — была вялікая супольная спадчына і жаданьне хрысьціян у Беларусі жыць у адзінай царкве.

Гісторыя Берасьцейскай царкоўнай уніі — асобная вялікая старонка духоўнага жыцьця беларусаў, якая мела моцны плён і ўплыў на культуру ўсяго народу. На гэты пэрыяд прыпаў росквіт кнігадрукаваньня, тэалягічнай думкі і іншых галінаў культуры.

Унія была гвалтоўна ліквідаваная царскімі ўладамі ў 1839 годзе.

Спробы адрадзіць унію былі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Жыцьцё Беларускай грэка-каталіцкай царквы прадоўжылася ў 50–70-х гадах у Заходняй Эўропе, падпольнае ўніяцтва існавала і ў самой Беларусі — уніяцкія сьвятары прыяжджалі з Украіны, таемна служылі ў Горадні.

Уніяцкая царква выйшла з падпольля, аднавілася і расьцьвіла ў 1990-х гадах мінулага стагодзьдзя.

У 1979 годзе ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёну распачаў службу айцец Ян Матусевіч. Баруны былі адным з гістарычных грэка-каталіцкіх цэнтраў у Беларусі. Там захаваўся вялікі будынак былога кляштара айцоў-базыльянаў, а сам касьцёл — былая грэка-каталіцкая царква. У храме месьціцца ўніяцкі цудатворны абраз Маці Божай Барунскай. Там Матусевіча адведвалі айцы-базыльяне з Украіны, якія тады былі ў падпольлі. Пасьля 1988 году адбыліся паездкі айца Яна Матусевіча разам з ксяндзом Уладыславам Чарняўскім у Лёндан у Беларускую місію — там адпраўляліся службы па-беларуску паводле грэка-каталіцкага абраду. Баруны становяцца месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі. 12 лістапада 1989 году, у дзень памяці сьвятога Язафата Кунцэвіча, група менскай моладзі наведала Баруны і ўзяла ўдзел у набажэнстве. На пачатку 1990 году гэтыя ж маладыя людзі пачалі працу над першым грэка-каталіцкім часопісам «Унія», а таксама заснавалі суполку «Унія».

У сакавіку 1990 году зь Лёндану ў Менск прыехаў айцец Аляксандар Надсан. У нядзелю 11 сакавіка айцец Аляксандар адслужыў літургію ў касьцёле Ўзвышэньня Крыжа на Кальварыі, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай літургіяй у сучаснай Беларусі. Напрыканцы 1990 году была зарэгістраваная першая грэка-каталіцкая грамада сьвятога Язэпа. Пры дапамозе айца Аляксандра Надсана на беларускую мову былі перакладзеныя літургічныя тэксты і іншая духоўная літаратура. Службы ў грэка-каталіцкай царкве ідуць па-беларуску.

У еднасьці з Рымам, на службе беларускага народу

Паступова ў розных гарадах Беларусі паўставалі грэка-каталіцкія парафіі: у Менску, Полацку, Віцебску, Гомелі, Берасьці, Лідзе, Горадні ды іншых вялікіх і маладых гарадах краіны. Царква набыла і дагэтуль набывае свае самабытныя рысы, высьвячаюцца новыя сьвятары. У Беларусь Ватыканам быў прысланы і служыць апостальскі візытатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек.

Уніяцкая царква ў Беларусі амаль ня мае сваіх храмаў, а многія прыходы зьбіраюцца ў рыма-каталіцкіх капліцах і касьцёлах.

Але царква — гэта містычнае цела Хрыста. І галоўная ягоная сутнасьць — вернікі.

25 гадоў ад заснаваньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі — вельмі важны пэрыяд, празь які мы асэнсоўваем нашу спадчыну і наша заданьне перад будучыняй Хрыстовай царквы ў Беларусі. Гэта значыць — для пэўных людзей, у пэўны час і ў пэўнай культурнай прасторы. Сёньня ў парафіі сьвятога Язэпа дзейнічае тэатральны гурток, клюб інтэлігенцыі.

Беларуская грэка-каталіцкая царква — як даўней называлі, уніяцкая царква — царква Ўсходне-бізантыйскай традыцыі, у еднасьці са сьвятым Рымскім апостальскім пасадам яна заўсёды была са сваім народам, перажывала яго беды і радасьці, — сказаў айцец Яўген Усошын.

Галіна Абакунчык, Менск
Радыё Свабода, 11 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/670/30043
Текущая дата: 16.11.2024