Тыдзень прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з расізмам, які быў аб`яўлены ААН і адзначаецца 21 сакавіка.
Беларусь да гэтых міжнародных акцый далучаецца ўжо другі год запар.
Агульнаеўрапейскую акцыю арганізуе і каардынуе Еўрапейская сетка супраць нацыяналізму, расізму, фашызму і ў падтрымку мігрантаў і бежанцаў (UNITED). Сёлета Тыдзень супраць расізму праводзіцца пад лозунгам "Будзь крэатыўным і атрымлівай задавальненне!".
"Мы падтрымліваем яго і запрашаем да адкрытага дыялогу", — зазначаецца ў паведамленні беларускіх праваабаронцаў, якое апублікавана на спецыяльнай старонцы акцыі ў "Фэйсбуку".
У межах Тыдня супраць расізму ў Мінску пройдзе круглы стол і тэматычны кінапрагляд з дыскусіяй. З дапамогай гэтых мерапрыемстваў беларускія арганізатары спадзяюцца прыцягнуць увагу беларускага грамадства да праблем расізму не толькі ва ўсім свеце, але і ў Беларусі.
"Лічыцца, што беларусы добразычлівыя і талерантныя. Але ці так гэта? З кожным годам павялічваецца колькасць замежных грамадзян, якія прыязджаюць у Беларусь, — зазначаецца ў паведамленні. — Студэнты, працоўныя мігранты, бежанцы з розных куткоў планеты — асноўныя групы, да якіх мясцовыя жыхары ставяцца падазрона. Непрыязнае стаўленне, ксенафобія, мігрантафобія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і як вынік праяўляюцца ў розных формах расізму, у тым ліку і бытавой".
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што такія словы і выразы, як "хачы, яўрэі, вузкаглазыя, асобы каўказскай нацыянальнасці", можна пачуць у паўсядзённым жыцці. "І можна смела казаць, што ўжо яны дэманструюць праяўленні расізму", — падкрэсліваецца ў паведамленні.
UNITED разлічвае, што ў межах Тыдня супраць расізму "больш як 100 тысяч чалавек далучацца да актыўных дзеянняў для прасоўвання ідэй талерантнасці, захавання роўнасці правоў і павагі да разнастайнасці ў Еўропе".
БелаПАН
Мінск, 14 сакавіка 2015
Мінск, 14 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/670/30093
Текущая дата: 16.11.2024