Белорусский портал в Казахстане

Памятная манета Нацбанка Беларусі стала пераможцам міжнароднага конкурсу "Манета года-2015"



Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Медна-нікелевая манета "БПС-Сбербанк. 90 гадоў" заняла першае месца ў намінацыі "Найбольш значная сучасная падзея". Як адзначылі ва ўпраўленні, у конкурсе прымалі ўдзел манеты, выпушчаныя ў абарачэнне ў 2013 годзе.

"Распрацоўка эскізнага праекта манеты-пераможцы выконвалася мастаком Нацыянальнага банка Святланай Някрасавай. На манеце адлюстравана дрэва жыцця, у галінах якога размешчаны знак ААТ "БПС-Сбербанк". У аснову кампазіцыі пакладзена ідэя, што ААТ "БПС-Сбербанк", падобна да жывога дрэва, пастаянна знаходзіцца ў працэсе росту і развіцця", - растлумачылі ў Нацыянальным банку.

На міжнародным конкурсе было прадстаўлена каля ста манет розных краін. Лепшыя вызначаліся 80 членамі журы ў 10 намінацыях. На агульным конкурсе бясспрэчным лідарам прызнана залатая манета серыі "Клімт і яго жанчыны" наміналам 50 еўра, адчаканеная Аўстрыйскім манетным дваром.

Нацыянальны банк прымае ўдзел у прэстыжным міжнародным конкурсе з 2005 года. Тады тытул "Манета года" быў прысвоены сярэбранай памятнай манеце Нацыянальнага банка "Беларускі балет" - яна ж перамагла ў намінацыі "Манета з лепшым мастацкім рашэннем". Сярэбраная памятная манета "Нацыянальны парк "Нарачанскі". Лебедзь-шыпун" была прызнана лепшай у намінацыі "Каралеўская манета". У 2007 годзе памятная манета "Вялікдзень" перамагла ў намінацыі "Манета з лепшым мастацкім рашэннем". У 2009 годзе ў намінацыі "Лепшая каралеўская манета" журы прысудзіла перамогу сярэбранай манеце "Масленіца" серыі "Святы і абрады беларусаў", а ў намінацыі "Самая натхняльная манета" - манеце "Крыж Еўфрасінні Полацкай".

"Чарговая перамога беларускай памятнай манеты ў прэстыжным міжнародным нумізматычным конкурсе сведчыць аб прызнанні прафесійнай работы спецыялістаў Нацыянальнага банка ў галіне распрацоўкі дызайну, прымянення новых тэхналогій і высокай якасці чаканкі беларускіх памятных манет", - падкрэслілі ва ўпраўленні Нацбанка.

9 лютага 2015, Мінск
Ганна Сушкова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/677/29573
Текущая дата: 16.11.2024