Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканская фотавыстаўка "Перамога - адна на ўсіх", падрыхтаваная Беларускім тэлеграфным агенцтвам, адкрылася ў Гомелі



У цырымоніі прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікі маладзёвых арганізацый абласнога цэнтра.

Экспазіцыя выстаўкі складаецца з 74 фатаграфій, прысвечаных Перамозе. Гэтыя работы - частка фотаздымкаў ваеннай тэматыкі з архіва БЕЛТА, у тым ліку вядомых ваенных карэспандэнтаў, а таксама малавядомыя кадры, якія занатавалі партызанскі быт. Значная частка экспанатаў прысвечана тэме вызвалення абласных гарадоў рэспублікі.

Генеральны дырэктар БЕЛТА Дзмітрый Жук, які ўдзельнічаў у адкрыцці выстаўкі, сказаў у гутарцы з журналістамі, што галоўная ідэя праекта - нагадаць маладым пакаленням аб тым, як гэта было. "Бо мы павінны сёння рэальна разумець, што дзякуючы подзвігу салдат Вялікай Айчыннай вайны маем незалежную дзяржаву", - адзначыў ён.

Выстаўка "Перамога - адна на ўсіх" паказвае аўтарскі погляд з-за фотааб`ектыва на розныя бакі і перыяды вайны (франтавыя бітвы, работа ў тыле, партызанская і падпольная барацьба, акупацыя, вызваленне), якія абрамляюцца даваеннымі і пасляваеннымі здымкамі. "Мы стараліся падабраць менавіта тыя фатаграфіі, якія нясуць эмоцыі, якія дадуць магчымасць сённяшнім беларусам зразумець, што тады адбывалася ў краіне. Тут шмат фатаграфій перыяду пасляваеннага аднаўлення. Гэта зроблена для таго, каб мы рэальна маглі ацаніць тое, што сёння маем", - сказаў кіраўнік БЕЛТА.

Актуальнасць фотаработам надаюць і рэаліі сённяшніх дзён, улічваючы падзеі, што адбываюцца ва Украіне. "Мы павінны ўсё ж такі моцна задумацца аб тым, што стабільнасць і мір на зямлі - гэта вельмі важна і дорага", - канстатаваў Дзмітрый Жук.

У Гомелі выстаўка будзе працаваць з 11 па 17 сакавіка. Затым яна пабывае ва ўсіх абласных цэнтрах, а напярэдадні Дня Перамогі вернецца ў сталіцу.

11 сакавіка 2015, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/678/30040
Текущая дата: 28.12.2024