Рашэнне адзначаць такі дзень было прынята на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года з тым, каб абараніць моўную і культурную разнастайнасць свету.
Разам з тым гэтая міжнародная арганізацыя імкнулася стварыць сістэму маніторынга для адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, каб спрыяць выпраўленню гэтай небяспечнай сітуацыі.
Пра сучасны стан і развіццё беларускай мовы распавёў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў.
"Мова развіваецца заўжды, негледзячы на супраціў, яна развівалася і будзе развівацца, — адзначыў ён. — Адзін з французскіх сацыёлагаў падлічыў, што нашая мова займае сярод усіх моў на свеце 32-е месца, што даволі высока. Гэта адбылося дзякуючы інтэрнэту. Таму мы не прападзем".
Па словах Трусава, пасля апошніх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі, які адзначыў сваё станоўчае стаўленне да беларускай мовы, "ўлада хаця б перастала перашкаджаць". "Вялікай дапамогі мы ад яе не чакаем, не вельмі мы гэтай уладзе верым, але пасля выказванняў людзі перасталі баяцца. Да нас у ТБМ сталі прыходзіць настаўніцы беларускай мовы, якія раней хаваліся і баяліся нават да сядзібы падыйсці — так яны былі запалоханыя. Зараз яны прыходзяць, газеты, дыскі просяць", — распавёў старшыня таварыства.
Сёння людзі прыходзяць у ТБМ масава, падкрэсліў Трусаў: "У нас ужо бланкі пасведчанняў сканчаюцца". "Прыходзяць па 30-40 чалавек на тыдзень толькі ў Мінску. Ідуць прадпрымальнікі, спартсмены… З`явіліся новыя цэлыя катэгорыі сярэдняга класа, якія раней да мовы ў ранейшым ставіліся ў лепшым выпадку абыякава", — дадаў ён.
Чыноўнікі ў ТБМ пакуль не прыходзяць, але, паводле слоў Трусава, частка дзяржаўных асоб "добра ведае мову і чакае адпаведнага загаду", а калі "будзе загад, дык адразу загавораць". "Палова чыноўнікаў, з якімі мы неафіцыйна сустракаемся, са мной размаўляюць на добрай беларускай мове, асабліва тыя, што паходзяць з вёскі і сканчалі беларускія школы", — падзяліўся старшыня таварыства.
Трусаў звярнуў увагу на тое, што Усебеларускую дыктоўку, якую калісь з ідэі філосафа Ўладзіміра Падгола развіло ТБМ, сёлета масава пішуць па ўсёй Беларусі фактычна афіцыйна: "Ва ўсіх школах пішуць, каледжах, універсітэтах. Калі мы пачыналі, з нас крыху смяяліся. А зараз ужо ўсе звыкліся, усе пішуць, на афіцыйным узроўні ў тым ліку".
Такая адліга ў стаўленні ўладаў да мовы, на розум старшыні Таварыства беларускай мовы, звязаная з некалькімі фактарамі - наступам "рускага свету" і прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца восенню.
"Гэта ўжо пачатак кардынальных змен, — патлумачыў ён. — Але самі кардынальныя змены ў сітуацыі з мовай адбудуцца ўжо пры новай уладзе. Сённяшняя ўлада — пенсіянеры, яе час на гістарычным гадзінніку скончыўся. Яна аджывае свой век з чыста фізічных прычын. Хто б там на гэтых выбарах не перамог, наўрад ці гэты кіраўнік даседзіць да яшчэ адных выбараў".
"Галоўнае, каб не было вайны і каб нас часова не акупіравала суседняя дзяржава, якая ўсё нацыянальнае знішчыць", — дадаў Трусаў.
Традыцыя святкавання Міжнароднага дня роднай мовы не абмінула музейныя і культурныя установы Мінска. Так, 19 лютага Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры зладзіла творчую сустрэчу "У аснове ўсюды — слова". Падчас гэтай імпрэзы літаратар Анатоль Зэкаў і артыст Аляксандр Ждановіч распавялі наведвальнікам пра багацце роднай беларускай мовы.
Літаратурны музей Петруся Броўкі разам з беларускім жаночым парталам Velvet 20 лютага распачалі новы мултымедыйны праект "Чытаем сваё. Класіка". Першая сустрэча ў межах праекту была прысвечана таямнічай біяграфіі класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
ТБМ чакае 21 лютага ў 11.00 ў сваёй сядзібе ўсіх ахвочых прыняць удзел ў VIII Усебеларускай дыктоўцы, якая сёлета прысвечана творчасці Генадзя Бураўкіна.
У сталічным бізнес-клубе Imaguru 22 лютага адбудзецца "Свята роднай мовы", якое ладзяць каманды грамадскага агенцтва "Арт Сядзіба", культурніцкай пляцоўкі "Беларуская прастора" і ТБМ. Сёлета арганізатары вырашылі аб`яднаць у адным месцы шматлікія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнес-праекты, а таксама вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкаў ды адметных творцаў. Падчас імпрэзы адбудзецца прэзентацыя праектаў і выданняў ТБМ, а таксама працягнецца VIII Усебеларуская дыктоўка.
24 лютага ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Літаратурны музей Максіма Багдановіча" адкрыецца выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2015
Мінск, 21 лютага 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/683/29727
Текущая дата: 29.12.2024