Белорусский портал в Казахстане

Уладальнікам Гран-пры I Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў прызнаны ўзбекскі тэнар Раміз Усманаў



Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, дзе на працягу тыдня праходзіла творчае спаборніцтва.

Лаўрэатам I прэміі стала сапрана Марыя Шабуня (Беларусь), II прэмію конкурсу атрымала сапрана Валянціна Федзянёва (Украіна), а III прэміі быў удастоены грузінскі барытон Лаша Сесіташвілі.

Спецыяльнымі прэміямі Вялікага тэатра Беларусі, што даюць права на выступленне ў спектаклях тэатра, былі ўзнагароджаны тэнары Іон Цімофці (Малдова) і Аванэс Айвазян (Арменія). Таксама спецыяльныя прэміі ад членаў міжнароднага журы конкурсу атрымалі Валянціна Федзянёва, Марыя Шабуня і Аляксандр Рославец (Беларусь).

Заахвочвальная прэмія конкурсу дасталася салісту Вялікага тэатра Беларусі барытону Ільі Сільчукову.

Фінал І Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, арганізатарам якога з`яўляецца Вялікі тэатр Беларусі, адбыўся 17 снежня. Конкурс праходзіць у Мінску з 10 па 18 снежня. У І туры прынялі ўдзел 155 спевакоў з 20 краін, у ІІ тур былі дапушчаны 36 артыстаў і толькі 11 з іх дасягнулі фіналу. У заключным туры спаборніцтва, які стаў часткай праграмы V Каляднага опернага форуму, за перамогу змагаліся артысты з шасці краін: Талгат Мусабаеў (Казахстан), Ксенія Бахрытдзінава (Украіна), Ілья Сільчукоў (Беларусь), Валянціна Федзянёва (Украіна), Аляксандр Рославец (Беларусь), Валянцін Анікін (Расія), Марыя Шабуня (Беларусь), Сяргей Замыцкі (Украіна), Лаша Сесіташвілі (Грузія), Раміз Усманаў (Узбекістан), Павел Пятроў (Беларусь).

У фінальным канцэрце конкурсу "Маладыя галасы сусветнай оперы" 17 снежня спевакі выканалі сцэны з опер рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі (дырыжор - уладальнік медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Воліч). У дуэтах з удзельнікамі конкурсу выступілі салісты оперы: народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна, Алена Бундзелева, Настасся Масквіна, уладальнік медаля Францыска Скарыны Эдуард Мартынюк, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Гарадзецкі, Алена Золава, Аксана Якушэвіч, Дзмітрый Капілаў, Марына Аксёнцава, Алена Таболіч.

Уладальнік Гран-пры конкурсу атрымае грашовы прыз у памеры 10000 еўра, лаўрэат I прэміі будзе ўзнагароджаны сумай, эквівалентнай 7000 еўра, лаўрэат II прэміі ўдастоіцца грашовага прыза ў памеры 5000 еўра, а лаўрэат III прэміі атрымае 3000 еўра. Заахвочвальная прэмія журы складзе 1000 еўра ў эквіваленце.

Пераможцы І Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў выступяць 18 снежня ў гала-канцэрце зорак сусветнай оперы, які завершыць V Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.

18 снежня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/686/28726
Текущая дата: 15.11.2024