Белорусский портал в Казахстане

«Pro-мова». Праграмісты ствараюць свае курсы беларускай мовы



У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ствараюць курсы беларускай мовы для праграмістаў і радыётэхнікаў. Ініцыятыва носіць назву «Pro-мова БДУІР».

Ідэя належыць студэнту 3 курсу БДУІР Антону. У межах унівэрсытэцкага курсу сацыялёгіі хлопец правёў дасьледаваньне сярод студэнтаў унівэрсытэту наконт іх стаўленьня да беларускай мовы і жаданьня яе вывучаць. Вынікі анкетаваньня паказалі, што каля 40 працэнтаў навучэнцаў хочуць, каб беларускай мовы ва ўнівэрсытэце было болей, і маюць жаданьне вывучаць яе як фармальна, так і нефармальна.

«Мяне прыемна зьдзівілі вынікі майго дасьледаваньня, пры тым, што гэта абсалютна тэхнічная ВНУ. Таму я вырашыў, што варта ва ўнівэрсытэце ствараць беларускамоўны асяродак, каб студэнты, якія прыхільна ставяцца да беларускай мовы, не пачуваліся адасобленымі, а мелі суполку, дзе можна як вывучыць беларускую мову, так і проста паразмаўляць на ёй пра будзённае», — кажа Антон.

Курсы мяркуецца запусьціць ужо ў сярэдзіне лістапада. Адбывацца яны будуць у памяшканьні ўнівэрсытэту. Антон кажа, што праблемаў з адміністрацыяй ня будзе — там прыхільна ставяцца да студэнцкіх ініцыятываў:

«Адміністрацыя заўжды падтрымлівае добрыя ініцыятывы. Я мяркую, што праблемаў ня будзе. Людзей, зь якімі я буду ўзгадняць і пытаньне памяшканьня, і іншыя тэхнічныя рэчы, я разглядаю як сваіх хаўрусьнікаў. І я ўпэўнены, што падтрымка і разуменьне будуць».

У якасьці ўзору ініцыятар курсаў «Pro-мова БДУІР» разглядае курсы «Мова нанова». Гэта значыць, што заняткі хоць і будуць утрымліваць пэўны элемэнт акадэмічнасьці, збольшага будуць адбываецца ў фармаце свабоднай камунікацыі паміж удзельнікамі, а таксама размоваў з запрошанымі гасьцямі, напрыклад, зь беларускімі музыкамі, і за праглядам фільмаў на беларускай мове.

«Зразумела, што ў мяне няма такіх магчымасьцяў, як у арганізатараў „Мовы нанова“. У нас будуць больш нефармальныя курсы. Падчас майго сацыялягічнага дасьледаваньня студэнты пісалі, што хочуць больш практыкі, менш акадэмічнасьці і канспэктаў», — тлумачыць Антон.

Хлопец адзначае, што ахвотныя, вядома, могуць наведваць іншыя курсы беларускай мовы, тую ж «Мову нанова». Але задума ў тым, каб мець нешта сваё, адаптаванае пад спэцыфічныя патрэбы студэнтаў-тэхнароў:

«Наш унівэрсытэт — тэхнічны, не мастацкі. У нас вельмі мала беларускай мовы. Але ёсьць студэнты, якія хочуць вывучаць беларускую мову. Трэба даць штуршок разьвіцьцю беларускай мовы менавіта ў маім унівэрсытэце. Адна з асноўных нашых мэтаў — разбурыць стэрэатып, што нібыта нельга вывучаць фізыку, матэматыку, праграмаваньне і іншыя негуманітарныя навукі на беларускай мове. Мы хочам данесьці да студэнтаў, што гэта рэальна. У нас будзе акцэнт на вывучэньне нашай прафэсійнай лексыкі. Хоць у нас на першым курсе ёсьць прадмет „Беларуская мова. Прафэсійная лексыка“ і некаторыя выкладчыкі гісторыю Беларусі і гісторыю Вялікай Айчыннай вайны вядуць па-беларуску, але што тычыцца профільных дысцыплін, то беларускай мовы няма зусім».

У якасьці мэтадычнай базы на занятках «Pro-мова БДУІР» будуць выкарыстоўваць матэрыялы курсаў «Мова нанова». Каардынатар гэтага адукацыйнага брэнду Глеб Лабадзенка кажа, што будзе рады, калі ініцыятары курсаў для праграмістаў зьвернуцца да яго па дапамогу што да падбору выкладчыкаў і фармуляваньня тэмаў:

«Да нас на курсы „Мова нанова“ ходзяць праграмісты. І калі мы рабілі спэцыяльныя заняткі па кампутарнай лексыцы, то высьветлілася, што гэта цэлая субкультура — беларускамоўныя праграмісты. У іх ёсьць выдатна распрацаваная лексыка. Я лічу, што калі наша справа ідзе нават у такія сфэры, як інфарматыка і высокія тэхналёгіі, гэта выдатна. Мы заўсёды падкрэсьліваем, што наша праграма выкладзеная ў Інтэрнэце ў адкрытым доступе, і мы будзем рады, калі яна прыдасца камусьці».

Радыё Свабода
Менск, 28 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/694/27896
Текущая дата: 14.11.2024