Белорусский портал в Казахстане

Выпускнікі не павінны забываць педагогаў, якія іх выхавалі



Аб гэтым 27 чэрвеня заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на сустрэчы з выпускнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры, якая адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

"Выходзячы за сцены альма-матар, вы сутыкаецеся з работай і часам становіцеся безабароннымі. У такія моманты важна падтрымка. Вашы выкладчыкі заўсёды прыйдуць на дапамогу, таму, пакідаючы ВНУ, не спяшайцеся ляпаць дзвярамі", - адзначыў Барыс Святлоў.

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава ў сваю чаргу пажадала выпускнікам творчага палёту і радасці дасягнення мэт. "Не забывайце аб тым, што ў ВНУ вы атрымалі фундамент, а далей - ляціце па жыцці, нічога не баючыся, нягледзячы на тое, што вучоба скончылася і ў жыцці пачынаецца новы этап", - сказала Кацярына Дулава.

Сярод пачэсных гасцей былі народны мастак Беларусі, прафесар, загадчык кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Тоўсцік, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Громаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэктары ВНУ сферы культуры.

Міністр культуры і госці павіншавалі выпускнікоў з атрыманнем дыпломаў, пасля чаго ім былі ўручаны кветкі і памятныя падарункі.

БЕЛТА, 27 чэрвеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/708/26463
Текущая дата: 15.11.2024