Белорусский портал в Казахстане

Свята горада "Віцебску-1040!" пройдзе ў абласным цэнтры 27-29 чэрвеня



Пра гэта паведамілі ў Віцебскім гарвыканкаме.

Праграма мерапрыемства будзе вельмі насычанай і разнастайнай. Так, 27 чэрвеня адбудзецца адкрыццё помніка князю Альгерду і новага дзіцячага сада ў мікрараёне Медцэнтр. У Летнім амфітэатры будзе праведзена ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт "З Днём нараджэння, любімы горад!", а вечарам - дыскатэка на плошчы Перамогі.

Суботні ж дзень пачнецца з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да манумента воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам. Пасля гэтага арганізатары запрашаюць жыхароў горада і гасцей на святочную канцэртную праграму "Віцебск - горад юнацтва майго...". Таксама 28 чэрвеня плануецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ўраджэнцу Віцебска народнаму артысту СССР, кампазітару Марку Фрадкіну; пройдуць выстаўка рэтрааўтамабіляў, канцэрт "Служым роднаму гораду" і паказальныя выступленні Дэпартамента аховы. У парку Партызанскай славы адбудзецца ваенна-гістарычны тэатралізаваны спектакль, прысвечаны 70-годдзю вызвалення горада. А на плошчы Перамогі будзе арганізавана канцэртна-забаўляльная праграма "Рытмы вячэрняга Віцебска!", феерверк.

Моладзі будзе прысвечаны заключны дзень свята горада. Юнакі і дзяўчаты змогуць прыняць удзел у майстар-класах фітнес-клубаў, у велапрабегу, спартыўных спаборніцтвах. У праграме мерапрыемстваў выступленні ролераў, скейтараў, прадстаўнікоў іншых альтэрнатыўных відаў спорту, а таксама паказальныя выступленні воінаў 103-й мабільнай брыгады і кінолагаў. Канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам таленавітай моладзі "Запалі сваю зорку", рок-канцэрт і масавы маладзёжны танцавальны флэшмоб завершаць свята горада.

24 чэрвеня 2014, Віцебск
Алена Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/709/26420
Текущая дата: 15.11.2024