Белорусский портал в Казахстане

Прэм`ера спектакля пра Мулявіна пройдзе ў Тэатры імя Горкага ў кастрычніку



Аб гэтым паведамілі ў тэатры.

Прэм`ера спектакля "Пясняр" пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага 10-11 кастрычніка.

Пастаноўка прысвечана творчасці народнага артыста СССР і заснавальніку ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну. Спектакль ствараецца рэжысёрам Валянцінай Ераньковай па п`есе беларускага драматурга Васіля Дранько-Майсюка.

Галоўную ролю выканае Сяргей Жбанкоў. У пастаноўцы таксама заняты заслужаныя артысты Беларусі Сяргей Чакерэс, Ганна Маланкіна, Андрэй Душачкін, артысты Сяргей Юрэвіч, Аляксандр Ждановіч, Андрэй Захарэвіч, Настасся Шпакоўская, Кацярына Шатрова, Алена Сцяцэнка, Вераніка Пляшкевіч і інш.

Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў 1941 годзе ў Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург). Вучыўся ў Свярдлоўскім музычным вучылішчы на аддзяленні струнных інструментаў. У 1963 годзе быў запрошаны на работу ў Белдзяржфілармонію. У 1968-м ён стварыў вакальна-інструментальны ансамбль "Лявоны", які потым у 1970-м перайменаваў у "Песняры".

У гонар Песняра ў Мінску перайменаваны бульвар, які да гэтага насіў імя Луначарскага. На ўсходніх могілках адкрылася надмагільная скульптурная кампазіцыя Мулявіну, а на радзіме выканаўцы - мемарыяльная дошка. У Екацярынбургу будзе ўстаноўлены помнік народнаму артысту СССР.

6 жніўня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/710/27115
Текущая дата: 27.12.2024