Белорусский портал в Казахстане

Ізраільская выстаўка ў Мінску расказвае пра лёс і паэзію Хаіма Нахмана Бяліка



Ізраільская выстаўка-экспазіцыя "Хаім Нахман Бялік: шлях паэта" адкрылася 29 ліпеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Экспазіцыя арганізавана Ізраільскім культурным цэнтрам пры пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь. Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал адзначыў сімвалічнасць таго, што выстаўка праходзіць у музеі беларускага песняра - Янкі Купалы. Хаім Нахман Бялік (1873-1934) - ізраільскі пясняр, адзін з самых яркіх паэтаў ХХ стагоддзя, "яўрэйскі Пушкін", нацыянальны яўрэйскі паэт і класік, адзін са стваральнікаў сучаснага іўрыта. Ён нарадзіўся на Валыні, а вучыўся ў знакамітай Валожынскай іешыве. Стаў літаратарам і выдаўцом у Адэсе, а пасяліўшыся ў Тэль-Авіве ў 1924 годзе, адразу заняў сваё месца ў культурным жыцці краіны.

На вершы паэта напісаны песні і рамансы. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў. Усё пакаленне яўрэйскіх паэтаў яго перыяду называюць пакаленнем Бяліка, які стварыў новую паэзію на іўрыце. Бяліка перакладалі на рускую мову Валерый Брусаў, Фёдар Салагуб, Вячаслаў Іваноў, Уладзіслаў Хадасевіч, Самуіл Маршак.

У Мінску прадстаўлена частка экспазіцыі з тэль-авіўскага Дома-музея Хаіма Нахмана Бяліка, у якім сабраны ўсе яго творы ў арыгінале і перакладзе на розныя мовы, пісьмы, кнігі, матэрыялы, што датычацца яго жыцця і творчасці. Выстаўка прадоўжыцца па 12 жніўня.

30 ліпеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/711/26894
Текущая дата: 27.12.2024