Белорусский портал в Казахстане

Дваццаць чатыры гады таму Беларусь набыла дзяржаўны суверэнітэт



Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце прыняў 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіла ў склад СССР. З 1991 па 1996 гады да гэтай даты было прымеркавана галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці.

Дэкларацыя аб суверэнітэце абвясціла поўную незалежнасць БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў і незалежнасць у знешніх адносінах. У жніўні 1991 года дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня".

У снежні 1991 года ў беларускіх Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны дэнансавалі дагавор 1922 года аб утварэнні СССР. Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года.

Летам 1994 года ў Беларусі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. Пераканаўчую перамогу на іх атрымаў малады палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка. Праз год, 14 мая 1995-га, у краіне прайшоў ініцыяваны ім рэферэндум, па выніках якога была зменена дзяржаўная сімволіка, а руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай.

З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці Беларусі — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркавана да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Дата галоўнага дзяржаўнага свята была зменена па выніках яшчэ аднаго рэферэндуму, праведзенага 24 лістапада 1996 года. Дзень незалежнасці сталі адзначаць 3 ліпеня, у дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні чарговай гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі прадстаўнікі апазіцыі правялі 25 ліпеня ў Мінску тэматычны круглы стол. На ім адзначалася, што сёння, як ніколі раней, пагроза незалежнасці зыходзіць ад Крамля — Беларусь стала занадта моцна залежаць ад Расіі ў эканамічным, энергетычным, знешнепалітычным і ваенным плане.

Як падкрэслівалі ўдзельнікі сустрэчы, неабходна зрабіць усё магчымае, каб беларуская незалежнасць стала незваротнай. І паколькі ўлада ў гэтым кірунку робіць вельмі мала, неабходны актыўныя дзеянні з боку грамадзянскай супольнасці. У ліку такіх дзеянняў — прасоўванне беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі, а таксама папулярызацыя іх сучаснымі сродкамі.

Беларуская незалежнасць павінна стаць моднай, перакананыя прадстаўнікі апазіцыі.

БелаПАН

Мінск, 27 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/712/26832
Текущая дата: 27.12.2024