Белорусский портал в Казахстане

Візіт Алеся Бяляцкага ў Варшаву закончыўся "замініраваннем"



Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org.

У апошні дзень свайго візіту ў польскую сталіцу кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі ўдзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі, у ходзе якой расказваў аб становішчы праваабаронцаў у Беларусі.

Падчас яго выступу паступіў званок аб замініраванні памяшкання, у якім праходзіла мерапрыемства.

Варшаўская Усходне-Еўрапейская канферэнцыя, на якую быў запрошаны беларускі праваабаронца, праходзіла 12 ліпеня ў Варшаўскім універсітэце. На гэтым штогадовым міжнародным форуме, арганізатарам якога з`яўляецца Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы пры ўніверсітэце, выступаюць вядомыя палітыкі і эксперты з усяго свету. Тэмай канферэнцыі сёлета стала трансфармацыя Польшчы і рэгіёну пасля 1989 года.

Выступленне Алеся Бяляцкага было прысвечана становішчу праваабарончых арганізацый у Беларусі. "Званок пра замініраванне быў падчас майго выступу. Прыехалі сапёры з сабакамі, нас выгналі з залы, але бомбу не знайшлі. Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства вярнуліся на свае месцы і я працягнуў свой выступ", — расказаў праваабаронца.

Першы пасля вызвалення са зняволення візіт Алеся Бяляцкаша ў Польшчу праходзіў з 9 па 12 ліпеня. На працягу гэтых дзён адбыўся шэраг афіцыйных сустрэч — з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, з кіраўніком канцылярыі прэзідэнта Польшчы Яцакам Міхалоўскім, з дэпутатамі парламенцкай камісіі па знешніх пытаннях польскага сейма. Таксама праваабаронца сустракаўся з прадстаўнікамі польскіх і беларускіх НДА і польскімі журналістамі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/714/26588
Текущая дата: 27.12.2024