Белорусский портал в Казахстане

Новыя льготы па натарыяльных паслугах для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны (ВАВ) будуць уведзены ў Беларусі з 12 ліпеня



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства юстыцыі.

Пастанова Саўміна ад 10 чэрвеня 2014 года нумар 565 пашырае пералік натарыяльных дзеянняў, за якія інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны не будуць плаціць натарыяльны тарыф. У прыватнасці, гэта засведчанне даверанасцей, дагавораў адчужэння нерухомай маёмасці, згод (адмоў), выдача пасведчанняў аб праве на спадчыну і пасведчанняў аб праве ўласнасці на долю маёмасці, нажытай мужам і жонкай у перыяд шлюбу, на асобныя віды маёмасці і іншыя дзеянні. За аналагічныя натарыяльныя дзеянні інваліды I і II груп будуць плаціць толькі 50 працэнтаў тарыфу.

Акрамя таго, для ўдзельнікаў і інвалідаў ВАВ прадугледжана новая льгота: яны вызваляюцца ад выплаты натарыяльнага тарыфу за аказанне ўсіх відаў паслуг прававога і тэхнічнага характару, што аказваюцца натарыусамі. Напрыклад, гэта кансультаванне, выезд натарыуса для правядзення натарыяльнага дзеяння, складанне праектаў завяшчанняў, дагавораў, даверанасцей і г.д.

Таксама ад выплаты натарыяльнага тарыфу будуць вызвалены законныя прадстаўнікі непаўналетніх грамадзян Беларусі, якія з`яўляюцца дзецьмі-сіротамі або дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў, і знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, установах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем`ях, прыёмных сем`ях. Размова ідзе аб засведчанні згоды на выезд непаўналетніх за межы Беларусі для аздараўлення. Не будуць плаціць і фізічныя асобы пры засведчанні даверанасцей на атрыманне пенсій, дапамог і аліментаў.

Акрамя таго, у сувязі з надзяленнем натарыусаў паўнамоцтвамі па забеспячэнні пісьмовых доказаў для разгляду спраў у судах уводзяцца тарыфы за гэты від натарыяльнага дзеяння, а таксама за аказанне звязаных з ім паслуг прававога і тэхнічнага характару.

17 чэрвеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/717/26286
Текущая дата: 26.12.2024