Белорусский портал в Казахстане

Нескароная Беларусь



З 19 чэрвеня да 30 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі арганізавана выстаўка “Нескароная Беларусь”, прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці.

У экспазіцыі прадстаўлены выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, створаныя на аснове шматлікіх дакументальных матэрыялаў, дзе з улікам новых звестак паказаны баявыя дзеянні Чырвонай арміі і партызан; даследаваны прычыны паражэнняў у пачатковы перыяд вайны; прааналізавана дзейнасць акупацыйнага рэжыму, падпольнага і партызанскага руху. Апавядаецца пра важкі ўклад беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі, патрыятызм насельніцтва Беларусі, супраціўленне ў звышцяжкіх умовах, якое тры доўгія гады аказвалася акупантам, паведамляецца на сайце НББ.

На выстаўцы таксама дэманструюцца кнігі з успамінамі непасрэдных удзельнікаў найбуйнейшай наступальнай аперацыі “Баграціён”, даследаванні халакосту на тэрыторыі Беларусі. Добрымі памочнікамі стануць для наведвальнікаў фотаальбомы, даведнікі, буклеты, прысвечаныя мемарыяльным комплексам – месцам памяці, увасобленай у граніт і бронзу.

Звязда, 19 чэрвеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/717/26325
Текущая дата: 26.12.2024