Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка лічыць недарэчнай рэвізію вынікаў Другой сусветнай вайны



Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў 9 чэрвеня ў інтэрв`ю сербскім СМІ.

"Зусім нядаўна прайшло святкаванне высадкі саюзніцкіх войскаў у Нармандыі, 70-гадовы юбілей. Але гэта ўжо з такім апломбам і з такой помпай прайшло, так ужо сродкі масавай інфармацыі асвятлялі, што нібыта гэтая падзея была галоўнай у гады Другой сусветнай вайны!" — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў: "Я не хачу пакрыўдзіць ні англічан, ні французаў. Але я назіраў гэтыя святкаванні ў Нармандыі, так гэта ўжо падавалася, нібыта французы ваявалі ўсё жыццё! Дык немцы Францыю прайшлі за адны суткі! За адны суткі! Які там рух супраціўлення быў? Гэта не параўнаць з тым рухам супраціўлення, які быў нават у Беларусі, — партызанскі рух, падпольны рух. І загінулі дзесьці прыкладна 500 тыс. партызан і падпольшчыкаў толькі ў Беларусі".

"Гэта сёння спрабуюць замоўчваць, замоўчваць гэта… Не атрымаецца! Мы пастаянна ўсяму свету пра гэта будзем нагадваць. Што мы і робім у Беларусі", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Непрадузятыя людзі разумеюць, што калі б не было перамогі на савецка-германскім фронце савецкай арміі, Чырвонай арміі, мы б былі афарбаваныя дагэтуль у карычневы колер", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што Савецкі Саюз страціў амаль 30 млн. жыццяў, у Беларусі загінуў кожны трэці жыхар.

Лукашэнка паведаміў, што ў дзень 70-годдзя вызвалення Беларусі ў Мінску адкрыецца новы музей Вялікай Айчыннай вайны, а таксама што 8 чэрвеня была закладзена памятная капсула на месцы стварэння мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Канцлагер Трасцянец быў самым буйным на тэрыторыі Савецкага Саюза і стаіць у адным шэрагу з Асвенцымам, Майданекам, Трэблінкай.

"Але ніхто ж не ведае, колькі там спалена і знішчана людзей. Да паўмільёна. Звазілі з усёй Еўропы, і нашых, беларусаў, асабліва мінскіх падпольшчыкаў, савецкіх ваеннапалонных, — адзначыў Лукашэнка. — На тэрыторыі Беларусі было 260 такіх лагераў. Вось дзе асноўныя падзеі разгортваліся, вось дзе народ больш за ўсё пацярпеў".

"Ды і Гітлер, і фашысты самі меркавалі, што калі заваююць Савецкі Саюз, усе астатнія проста ўрачыстым маршам пройдуць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму рэвізія тут непатрэбная. І сваю перамогу мы нікому не аддадзім. Наша перамога — гэта і ваша перамога. Таму што, напэўна, пасля савецкіх войскаў рух супраціўлення быў самым магутным у Югаславіі", — падкрэсліў Лукашэнка.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/718/26239
Текущая дата: 26.12.2024