Белорусский портал в Казахстане

Акцёр славенскага вулічнага тэатра LJUD: Мы прыехалі паказаць мінчанам, што сучаснае мастацтва можа быць вясёлым, што гэта выдатна



10 мая ў цэнтры Мінска адкрыўся другі форум вулічных тэатраў. Ён разгарнуўся адразу ў пяці кропках Верхняга горада.

Галоўная кропка знаходзіцца на плошчы Свабоды, іншыя дзейнічаюць побач — на вул. Энгельса, у Музычным завулку і на вул. Зыбіцкай. Выступленні вулічных акцёраў працягнуцца два дні.

Мінскі форум вулічных тэатраў праводзіцца з 2013 года. Яго ўдзельнікамі з`яўляюцца вулічныя тэатры і перформеры з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. На працягу некалькіх дзён на пешаходнай частцы вуліцы Карла Маркса і прылеглай тэрыторыі тэатры ствараюць відовішчныя вулічныя і тэатральныя шоу.

Акцёр, член міжнароднай культурнай тэатральнай групы LJUD (Cлавенія) Яша Інул расказаў, што яго тэатр паказвае свае праекты ў публічных месцах. Перформанс, які яны прывезлі на форум, быў створаны тры гады таму. Гэта, паводле яго слоў, так званая "майстэрня, пры дапамозе якой мы звяртаем увагу людзей на тое, што іх акружае".

"Мне здаецца, што людзі ў Мінску трохі баяцца сучаснага мастацтва. Мы прыехалі паказаць, што сучаснае мастацтва можа быць вясёлым, што гэта выдатна. На форуме можна абмеркаваць спектакль, выказаць сваё меркаванне", — сказаў Інул.

Адукацыйная частка форуму пачалася 8 мая ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Тут штодня праходзяць лекцыі, дыскусіі на тэатральную тэму, праводзяцца майстар-класы па жангліраванні, інтэрактыўным тэатры, перформансе, работы над вобразамі жывых скульптур, а таксама па пластыцы мяккага цела.

У гэтым форуме бяруць удзел тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Славеніі, Кубы.

Паводле меркавання арганізатара другога Мінскага форуму вулічных тэатраў Аксаны Нікіцінай, леташні першы вулічны фестываль прайшоў "на ўра" і быў запатрабаваны як у гледачоў, так і ў артыстаў. "Мы спадзяёмся, што наш фестываль стане штогадовым, у цяперашнім форуме бяруць удзел каля 40 калектываў, якія гатовы паказаць не па адным, а больш спектакляў, — сказала Нікіціна. — Калі ў вас ёсць магчымасць, прыходзьце на форум на ўвесь дзень".

БелаПАН, 10 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/721/26009
Текущая дата: 25.12.2024