Белорусский портал в Казахстане

У 2014 годзе плануецца змяніць фармат правядзення конкурсаў на "Славянскім базары ў Віцебску"



Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада.

У 2014 годзе плануецца змяніць фармат правядзення конкурсаў на "Славянскім базары ў Віцебску". Пра гэта было аб`яўлена на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", якое прайшло 28 лютага пад старшынствам намесніка прэм`ер-міністра Анатоля Тозіка.

Фестываль пройдзе з 10 па 14 ліпеня. У якасці асноўных мерапрыемстваў запланаваны гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, ХХIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, XII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс.

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія створыць спецыяльны тэлевізійны праект па правядзенні нацыянальных адборачных тураў да міжнародных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", падрыхтоўцы пераможцаў адборачных тураў да конкурсаў (уключаючы правядзенне дзённікаў).

Праграмай прадугледжваецца таксама правядзенне 13 ліпеня канцэрта ў межах Дня дружбы. Тэмай канцэрта стане 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, што будзе святкавацца ў 2015 годзе.

Плануецца юбілейная праграма "Вярнуўся я на радзіму", прысвечаная 100-годдзю Марка Фрадкіна, з удзелам заслужанага калектыву Беларусі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга.

11—12 ліпеня на плошчы Перамогі ў Віцебску пройдуць Дні моладзі. У іх праграме — прэс-канферэнцыя, праграма "Музычная бітва дыджэяў", фестываль маладзёжных субкультур з майстар-класамі, парад маладзёжных субкультур "БелаРусь у сэрцы маім!", патрыятычная акцыя "Дзякуй за жыццё!", а таксама міжнародны маладзёжны фестываль "Агонь танца — 2014".

Традыцыйна ў межах віцебскага "Славянскага базару" пройдуць камерцыйныя канцэрты з удзелам расійскіх зорак эстрады: Філіпа Кіркорава, Стаса Міхайлава, Барыса Маісеева, Міхаіла Шуфуцінскага, арт-групы "Хор Турэцкага", Надзеі Кадышавай і ансамбля "Залатое кола", гурту "Любэ" і іншых.

Усяго на галоўнай фестывальнай пляцоўцы, у Летнім амфітэатры, плануецца правесці 19 канцэртных праграм, уключаючы чатыры начныя канцэрты.

Дзяржаўная ўстанова "Цэнтр культуры "Віцебск" са снежня 2013 года пачала продаж білетаў на ўсе мерапрыемствы праз электронную сістэму распаўсюджвання (партнёр — СТАА "Квіткі Бел").

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/723/25228
Текущая дата: 15.11.2024