Белорусский портал в Казахстане

Амерыканскі дыпламат быў выкліканы ў МЗС у сувязі з публікацыяй CNN артыкула са згадваннем манумента "Мужнасць"



Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч быў запрошаны 7 лютага ў беларускае знешнепалітычнае ведамства.

У МЗС яму заявілі пра непрымальнасць апублікавання на сайце прыватнага амерыканскага тэлеканала CNN артыкула, у якім у негатыўным святле згадваецца манумент "Мужнасць" у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

"Да амерыканскага дыпламата было даведзена, што зневажальны характар публікацыі выклікаў хвалю абурэння і неразумення простых беларускіх грамадзян, грамадскіх арганізацый. У Другой сусветнай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, і памяць аб героях, загінулых у барацьбе за свабоду краіны, для беларусаў свяшчэнная", — паведамляе прэс-служба МЗС.

Беларускі бок, гаворыцца ў паведамленні, адзначыў факт прабачэння тэлеканала CNN. Разам з тым Голдрычу была перададзена "настойлівая просьба" давесці да кіраўніцтва CNN пазіцыю беларускага боку аб тым, што згадванне манумента "Мужнасць" у гэтым артыкуле з`яўляецца непрымальным.

"Адначасова аб гэтай пазіцыі пасольства Беларусі ў ЗША праінфармуе кіраўніцтва Дзярждэпартамента. Раней пасольства Беларусі ў ЗША таксама накіравала жорсткі ліст рэдактару тэлеканала CNN", — адзначае МЗС.

23 студзеня на сайце тэлеканала CNN быў апублікаваны спіс адзінаццаці "самых пачварных помнікаў". Манумент "Мужнасць" комплексу "Брэсцкая крэпасць" у спісе значыўся пад нумарам 2.

6 лютага перад артыкулам з`явілася паведамленне ад імя рэдакцыі. "Мы разумеем, што ўключэнне Брэсцкай крэпасці-героя аўтарам у гэты артыкул зняважыла пачуцці людзей у Беларусі. Гэта было ненаўмысным, і мы прыносім прабачэнні. Аўтар артыкула меў намер зрабіць гумарыстычны агляд манументальнай архітэктуры па ўсім свеце. CNN прызнае, што гэты помнік мае свяшчэннае значэнне для тых многіх людзей, якія шануюць ахвярнасць салдат", — гаварылася ў паведамленні.

Пазней спіс быў выдалены з сайта тэлеканала.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/726/24957
Текущая дата: 24.12.2024