Белорусский портал в Казахстане

Рускі тэатр паставіць п`есу пра Мулявіна



Аб гэтым 26 сакавіка паведаміў дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага рыхтуе спектакль пра народнага артыста СССР, заснавальніка ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна.

Рабочая назва п`есы "Пясняр". Арыгінальны твор напісаў малады драматург Васіль Дранько-Майсюк. Ставіць спектакль рэжысёр Валянціна Еранькова.

"Асноўная фігура ў спектаклі - Уладзімір Мулявін, вакол якога ўзнікаюць персаналіі і Купалы, і Коласа. Усё тое, што суправаджала творчасць выканаўца, будзе тым ці іншым чынам паказана, - тлумачыць Эдуард Герасімовіч. - Гэта вельмі няпростая форма драматургіі, але ставіць п`есу рэжысёр, які мае цягу да такіх рэчаў. У яе было шмат такіх спектакляў. Я ўпэўнены, што фігура Мулявіна заслугоўвае да сябе такога стаўлення". Дырэктар дадаў, што спектакль запатрабуе вялікіх расходаў, але ў тэатры разлічваюць як на дзяржаўнае фінансаванне, так і на пазабюджэтныя сродкі.

Пастаноўка прадоўжыць сезон беларускай драматургіі, які пачаўся ў Рускім у 2013 годзе. Прадставіць спектакль гледачам плануецца ў кастрычніку.

Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў 1941 годзе ў Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург). У 12 гадоў самастойна асвоіў ігру на балалайцы, потым навучыўся іграць на гітары і пачаў гэтым зарабляць, іграючы ў паяздах, пераходах і на вуліцах. Да 14 гадоў ён нядрэнна іграў не толькі на гітары і балалайцы, але і на іншых струнных інструментах. Паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча на аддзяленне струнных інструментаў, але ў хуткім часе быў адлічаны за захапленне джазам. Мулявін вярнуўся ў вучылішча, але потым пакінуў яго па ўласным жаданні. У 1963 годзе яго запрасілі на работу ў Белдзяржфілармонію. У 1968-м ён стварыў вакальна-інструментальны ансамбль "Лявоны", які потым у 1970-м перайменавалі ў "Песняры". У маі 2002 года артыст трапіў у аварыю, у якой атрымаў вельмі цяжкія траўмы. Памёр музыкант праз 8 месяцаў, у 2003-м.

У гонар Песняра ў Мінску перайменавалі бульвар, які да гэтага насіў імя Луначарскага. На ўсходніх могілках адкрылася надмагільная скульптурная кампазіцыя Мулявіну, а на радзіме выканаўца - мемарыяльная дошка. У Екацярынбургу будзе ўстаноўлены помнік народнаму артысту СССР.

26 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/727/25681
Текущая дата: 25.12.2024