Белорусский портал в Казахстане

Юныя мастакі Магілёва і Бабруйска сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу "Алімпійская вясёлка"



Аб гэтым паведаміў аўтар праекта Ігар Моцін.

Юныя мастакі Магілёва і Бабруйска сталі пераможцамі міжнароднага этапу адкрытага конкурсна-выставачнага праекта юных мастакоў Беларусі і Расіі "Алімпійская вясёлка", прысвечанага XXII Алімпійскім і XI Паралімпійскім зімовым гульням 2014 года ў Сочы і чэмпіянату свету па хакею 2014 года ў Мінску.

Па выніках адборачных тураў з рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў адрас аргкамітэта паступіла 80 твораў юных мастакоў Саюзнай дзяржавы. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі ад Рэспублікі Беларусь сталі прадстаўнікі Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, а ад Расійскай Федэрацыі - Ленінградскай, Ульянаўскай і Саратаўскай абласцей.

У выніку прагляду і аналізу работ і ў адпаведнасці з палажэннем, мэтамі і задачамі конкурсу журы прыняло рашэнне вызначыць пераможцаў у трох узроставых катэгорыях. Так, у малодшай групе (7-10 гадоў) першае месца за Лізай Аўчыннік (8 гадоў) з Бабруйску, у сярэдняй (11-13 гадоў) вікторыя дасталася Уладзіславу Чартарыцкаму з Магілёва, а ў старэйшай (14-18 гадоў) - бабруйчанцы Вікторыі Сурыновіч. Ад Расійскай Федэрацыі пераможцамі адпаведна сталі Максім Паўлаў (8 гадоў, Ленінградская вобласць), Вольга Султанава (11 гадоў, Ульянаўская вобласць) і Дар`я Казлова (14 гадоў. г. Барнаул).

Усе восемдзесят работ, накіраваныя ў адрас Аргкамітэта праекта, дапушчаны да экспанавання ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў праектных праграмах у 2013-2014 гадах.

Цырымонія адкрыцця выстаўкі і ўзнагароджання аўтараў і творчых калектываў - пераможцаў конкурсу запланавана на 14 снежня ў прадстаўніцтве Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у Мінску. У 2014 годзе выстаўкі пройдуць у абласных цэнтрах Беларусі, Мінску і Бабруйску, а таксама ў рэгіёнах Расіі. Фіналам праекта стане выстаўка ў дні XXII зімовай Алімпіяды ў Дзяржаўным Рускім музеі (г.Санкт-Пецярбург).

Праект рэалізуецца па ініцыятыве клуба ЮНЕСКА "Вясёлка" РГА "БелАЮ" пры грамадскім аб`яднанні "Бабруйская гарадская дзіцяча-юнацкая ўзорная студыя выяўленчага мастацтва "Вясёлка" пры падтрымцы прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Бабруйскага гарвыканкама, прадстаўніцтва НАК Беларусі, Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Дзяржаўнага Рускага музея (г.Санкт-Пецярбург).

22 лістапада 2013, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/736/24143
Текущая дата: 16.11.2024