Белорусский портал в Казахстане

Беларускі святар стаў лаўрэатам польскай прэміі імя князя Астрожскага за 2013 год



Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый стаў адным з лаўрэатаў 25-й прэміі імя князя Канстанціна Астрожскага (Польшча) за 2013 год.

Прэмія ўручаецца за ўклад у развіццё думкі, культуры і духоўнасці праваслаўных вернікаў, а таксама за дзейнасць, якая садзейнічае яднанню хрысціян, паведамляе польскі праваслаўны партал cerkiew.pl.

Узнагароджанне лаўрэатаў адбылося 11 студзеня на пасяджэнні адпаведнай камісіі на чале з рэдактарам часопіса "Праваслаўны агляд" (Przeglad Prawoslawnу) Яўгеніушам Чыквіным.

Сёлета прэміі ўдастоіліся таксама гісторык і этнограф Дарафей Фіёнік (Польшча), мітрапаліт Месагеі і Лаўрэотыкі Нікалаас Хатзінікалау (Грэцыя), манашкі грэчаскага манастыра ў сірыйскай Мааюле на чале з ігуменняй Пелагіяй Саяф, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя (26 краін і рэгіёнаў, уключаючы Беларусь).

Архіепіскап Дзімітрый (Мікалай Драздоў) нарадзіўся 22 студзеня 1953 года ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). Скончыў Бабруйскі дрэваапрацоўчы тэхнікум (цяпер Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны тэхнікум) у 1972 годзе, у 1978-м — Маскоўскую духоўную семінарыю, а ў 1982 годзе — Маскоўскую праваслаўную духоўную акадэмію.

У 1989 годзе стаў епіскапам Полацкім і Віцебскім па рашэнні патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена і Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы. У 1992 годзе прызначаны епіскапам Віцебскім і Аршанскім, у 1999-м — нададзены сан архіепіскапа.

У 2008 годзе Святы сінод Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) прызначыў архіепіскапа Дзімітрыя старшынёй аддзела БПЦ па ўзаемадзеянні з МУС Беларусі і дэпартаментам выканання пакаранняў МУС.

З`яўляецца настаяцелем прадстаўніцтва БПЦ у Маскве, якое адкрылася 4 снежня пры храме вялікамучаніцы Ірыны (Жывапачатковай Троіцы) у Пакроўскім.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 студзеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/738/24645
Текущая дата: 27.12.2024