Белорусский портал в Казахстане

Міжнацыянальная згода і талерантнасць забяспечваюць стабільнасць Беларусі і Казахстана



Такое меркаванне выказаў 3 снежня Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі, пастаянны прадстаўнік Казахстана пры статутных і іншых органах СНД Ергалі Булегенаў у ходзе круглага стала "Казахстан - Беларусь. Міжнацыянальная згода, талерантнасць: вопыт, праблемы, перспектывы".

"Менавіта такія фактары, як міжнацыянальная згода і талерантнасць, забяспечваюць стабільнасць і мультынацыянальнасць грамадства ў дзяржавах, да якіх адносяцца Казахстан і Беларусь. Нашы краіны здолелі ў адрозненне ад многіх іншых рэспублік СССР захаваць мір, стабільнасць і згоду ў грамадстве", - сказаў дыпламат.

Паводле слоў Ергалі Булегенава, казахстанская палітыка ў сферы міжэтнічных адносін будуецца ў строгай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Так, краіна далучылася да больш як 160 асноватворных міжнародных прававых дакументаў у гэтай галіне. У Казахстане створаны розныя прававыя і грамадскія механізмы міжкультурнага дыялогу, важнейшым з якіх з`яўляецца Асамблея народа Казахстана (з`явілася ў 1995 годзе). Як адзначыў пасол, Асамблея ператварылася ў адзін з унікальных ключавых элементаў палітычнай сістэмы краіны, набыла канстытуцыйны статус, прадстаўніцтва ў вышэйшым заканадаўчым органе рэспублікі. Рашэнні сесіі Асамблеі падлягаюць абавязковаму разгляду дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі. "Той факт, што старшынёй Асамблеі з`яўляецца сам прэзідэнт, сведчыць аб тым, што ў краіне створаны ўсе перадумовы для паспяховага развіцця этнічнай сферы. Асамблея стала нашым нацыянальным здабыткам. Гэта арыгінальны і ўнікальны інстытут, які за гады свайго існавання ператварыўся ў інструмент па рэалізацыі нацыянальнай палітыкі дзяржавы, у аснове якой ляжыць прынцып роўнасці ўсіх грамадзян, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і веравызнання", - падкрэсліў дыпламат, дадаўшы пры гэтым, што менавіта паўнацэннае функцыянаванне Асамблеі на высокім узроўні дае магчымасць аддзяляць этнічныя праблемы ад цесна звязаных з імі палітычных, эканамічных, сацыяльных і вырашаць іх магчымымі метадамі.

"Мы ведаем, што Беларусь поўнасцю падзяляе нашы прынцыпы і ўяўленні аб неабходнасці міжнацыянальнай згоды і ўмацавання этнічнай і міжканфесійнай талерантнасці і таксама падтрымлівае аналагічную палітыку", - сказаў пасол. Ён звярнуў увагу на ўзаемасувязь праблемы міжнацыянальнай згоды і інтэграцыйных працэсаў, у якія ўключаны дзяржавы. Так, Беларусь, Казахстан і Расія сёння разам працуюць ва ўмовах Мытнага саюза, умацоўваюць Адзіную эканамічную прастору, будуюць новыя інтэграцыйныя ўтварэнні. "Бліжэйшая мэта - стварыць Еўразійскі эканамічны саюз раўнапраўных і незалежных дзяржаў. Па меры паглыблення інтэграцыі нашых дзяржаў пытанне аб захаванні і ўмацаванні міжнацыянальнай згоды стане яшчэ больш актуальным для ўсіх бакоў. Вось чаму нам неабходна вывучаць вопыт адзін аднаго ў гэтай галіне", - лічыць Ергалі Булегенаў.

БЕЛТА, 3 снежня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/741/24286
Текущая дата: 27.12.2024