Белорусский портал в Казахстане

Беларусы ў Іркуцку дастануць скарбы з вясковых куфраў



"Скарбы з вясковых куфраў" пакажа Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага.

Так называецца этнаграфічная выстаўка, якая адкрыецца 8 жніўня ў Іркуцкай абласной дзяржаўнай універсальнай навуковай бібліятэцы імя І.І.Малчанава-Сібірскага, паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены арыгінальныя прадметы сялянскага побыту канца XIX - пачатку XX стагоддзя з прыватных збораў беларусаў, якія пражываюць у Іркуцку. Некаторым экспанатам больш як 120 гадоў.

"Наша калекцыя з`явілася ў выніку мэтанакіраванага комплекснага збору матэрыялу ў этнаграфічных экспедыцыях па Іркуцкай вобласці актывістамі арганізацыі, - сказаў кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага Алег Рудакоў. - Пераважна гэта прадметы беларускага побыту, традыцыйнае адзенне, іншыя тэкстыльныя вырабы". Жыхары Іркуцка ўбачаць ручнікі з даматканага палатна з вышыўкай, традыцыйныя жаночыя касцюмы, а таксама зімовае жаночае адзенне, што з`яўляецца рэдкасцю ў этнаграфічных экспазіцыях.

6 жніўня 2013, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/753/22528
Текущая дата: 16.11.2024