Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства адукацыі Беларусі гатова пайсці на некаторыя змены ў архітэктуры адукацыі і выкарыстанні Балонскіх інструментаў



Такое меркаванне выказаў былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябра грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце "Радыё Свабода" 2 жніўня.

"Больш складана з тым, што было пазначана Балонскім сакратарыятам як асноўныя перашкоды для ўступлення ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі — акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні ВНУ", — дадаў эксперт.

Паводле яго слоў, першым крокам на шляху пераменаў мусіць быць "прызнанне канфлікту еўрапейскіх і беларускіх акадэмічных каштоўнасцяў". "На мой погляд, ёсць надзея, што такое прызнанне магчыма. На Балонскім семінары 16 мая гэтага года ў Мінску такія прызнанні прагучалі. Праўда, не ад міністра. Прызнанне канфлікту каштоўнасцяў дасць магчымасць абмяркоўваць стратэгію збліжэння ці радыкальнага размежавання", — адзначае Дунаеў.

На яго думку, перспектыва рэфармавання шмат у чым залежыць ад зацікаўленасці грамадскіх груп — бацькоў, студэнтаў, працадаўцаў і інш. "Ці здольныя яны артыкуляваць свае запыты да вышэйшай школы і мабілізавацца для адстойвання сваіх інтарэсаў? Гэта цяжка ў нашых умовах, але неабходна, калі мы хочам павысіць якасць вышэйшай адукацыі ў нашай краіне", — заявіў Дунаеў.

У той жа час ён адзначае, што фармальнае далучэнне да еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі "можа і не вырашыць ніякіх праблем". "Балонскі вопыт каштоўны толькі для тых, хто імкнецца знайсці выхад з крызісу якасці вышэйшай адукацыі. Вышэйшая адукацыя стала масавай, а мадэль адукацыі ў беларускіх ВНУ засталася старая, запазычаная СССР з пачатку XIX стагоддзя", — лічыць Дунаеў.

На яго думку, пакуль вышэйшая адукацыя была элітарнай, такая мадэль працавала, а калі яна ператварылася ў масавую, то "якасць падрыхтоўкі рэзка упала".

"Гэта натуральна. Еўропа актыўна мяняе мадэль універсітэта, прыстасоўваючы яе да новых умоў, а Беларусь робіць выгляд, што ў нас няма патрэбы рэфармаваць вышэйшую адукацыю. Калі мы зразумеем, што з такой якасцю падрыхтоўкі спецыялістаў жыць нельга, тады Балонскі досвед стане запатрабаваным", — мяркуе эксперт.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/754/22461
Текущая дата: 16.11.2024