Белорусский портал в Казахстане

Назіранне за птушкамі праз інтэрнэт



Ва ўсім свеце ўсталявана шмат вэб-камер, частка з якіх назірае за намі, а частка — за птушкамі.

Вядома, што лепш назіраць за птушкамі ў прыродзе ў палявых умовах, аднак месцы жыхарства асобных відаў летуноў з`яўляюцца недаступнымі для большасці людзей, а ёсць такія крылатыя, якія ўвогуле пазбягаюць прысутнасці чалавека. А ўбачыць птушку ў гняздзе, тым больш з птушанятамі — вялікая рэдкасць.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць любому карыстальніку глабальнай сеткі назіраць за нашымі крылатымі сябрамі ў рэжыме рэальнага часу і... заставацца дома.

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" прапануе ўсім аматарам прыроды назіраць за птушкамі праз вэб-камеры, спасылку на якія можна адшукаць на сайце www.рtuskі.оrg. Дзясяткі прапанаваных на сайце вэб-камер размешчаны побач з гнёздамі "сур`ёзных" еўрапейскіх птушак і экзатычных крылатых у розных краінах свету. Вэб-камеры дазваляюць паназіраць за жыццём птушак у трапічным лесе Бразіліі, яны ўсталяваны побач з гняздом калібры на тэрыторыі ЗША і ў вальеры белых жураўлёў (Расія).

Мне асабіста было цікава назіраць чорнага бусла, які ў рэжыме рэальнага часу, на адной назе наводзіў парадак у сваім гняздзе на высокім дрэве старога лесу...

Сяргей Куркач
Звязда, 25 красавіка 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/770/20835
Текущая дата: 17.11.2024