Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка кітайскіх нацыянальных касцюмаў адкрыецца 22 сакавіка ў гомельскай карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі



Пра гэта паведамілі ў аддзеле культуры гарвыканкама.

У экспазіцыі прадстаўлена амаль 30 нацыянальных касцюмаў народаў Кітая, якія ствараліся з улікам іх вытворчых патрэбнасцей і жыццёвага ўкладу, выконваючы пры гэтым прыкладную, дэкаратыўную і культурную функцыі.

Наведвальнікі змогуць па заслугах ацаніць багацце колераў нацыянальных гарнітураў, а таксама іх разнастайнасць, якая дасягаецца дзякуючы тканінам, крою і неверагодным спалучэнням дэталей касцюма.

Таксама ў галерэі пачне працаваць фотавыстаўка "На крылах культуры", якую можна лічыць рэтраспектыўным поглядам на культурнае адраджэнне Кітая. Фотаработы, а іх больш як шэсцьдзесят, азнаёмяць гамяльчан з працэсам імклівага развіцця культуры ў сучасным Кітаі, перад якім пастаўлена задача пабудовы гарманічнага грамадства і няўхільнага пашырэння культурных сувязей.

Абедзве выстаўкі, якія будуць працаваць да 22 красавіка, падрыхтаваны пры садзейнічанні пасольства Кітайскай народнай Рэспублікі ў Беларусі.

22 сакавіка 2013, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/777/20038
Текущая дата: 17.11.2024