Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве запахла архідэямі



У абласным цэнтры адкрылася выстава архідэй: у выставачнай зале буяюць незвычайныя колеры і пахне вясной.

Каля дзвюх соцень архідэй прадставіла на выставе аматарка гэтых экзатычных кветак Вераніка Мунцян. Маладая магіляўчанка займаецца кветкамі з дзяцінства, а гадоў пяць таму ўлюбілася ў архідэі. Яе першая архідэя — дэндробіум, з пяшчотнымі і пышнымі ружовымі кветкамі.

— Я люблю архідэі за іх прыгажосць, за незвычайныя формы і фарбы, — расказвае Вераніка. — Мне падабаецца, што яны цвітуць доўга, а нейкага спецыяльнага догляду не патрабуюць.

Архідэі, якія выстаўлены ў Магілёве, прывозяць з Галандыі. Але радзіма гэтых прыгажунь — Усходняя Азія, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка. Хаця архідэі растуць ва ўсім свеце: адзін з відаў дзікай архідэі зарэгістраваны нават у Чавускім раёне Магілёўскай вобласці.

Апошнімі гадамі архідэі ў нас сталі папулярныя як пакаёвыя кветкі: іх з поспехам вырошчваюць у дамах і звычайных кватэрах. Ёсць, вядома, такія віды, якія патрабуюць аранжарэйнага клімату і навыкаў спецыяліста. Аднак Вераніка Мунцян лічыць, што мець архідэю пад сілу і навічку: для гэтага трэба набыць фаленопсіс — адаптаваны да нашых умоў і таму самы распаўсюджаны ў нашых кветкавых крамах від архідэі.

На выставе ў Магілёве іх шмат: маленькія і вялікія, белыя, як нявесты, самых розных адценняў ружовага і жоўтага, любімага колеру знакамітага нью-ёркскага дэтэктыва і вялікага аматара архідэй Ніра Вульфа, героя раманаў Рэкса Стаўта. Ёсць тут архідэі неверагоднай "тыгрынай" расфарбоўкі, а таксама ў крапінку, плямы і палоскі. Кошт гэтых прыгажунь — ад 100 да 250 тысяч рублёў.

На выставе можна адразу атрымаць і кансультацыю па доглядзе за архідэямі. Ганне Івановай, сяброўцы гаспадыні выставы, яшчэ не так даўно не ўдавалася пасябраваць і з фіялкамі, але год таму выпадкова яна набыла архідэю (дарэчы, бардовы фаленопсіс) і стала вялікай аматаркай. Цяпер у яе 3-пакаёвай кватэры 76 (!) архідэй, і маладая жанчына захапілася так званымі "прыроднікамі". Выпісвае з заказнікаў парасткі рэдкіх архідэй, літаральна гадуе іх і потым бясконца радуецца іх цвіценню.

— Яны дораць мне станоўчыя эмоцыі, я жыву гэтым, — спрабуе растлумачыць сваё стаўленне да кветак Ганна. — Мне падаецца, што ў архідэй ёсць душа!

Яна, дарэчы, з дзяцінства ў інваліднай калясцы, але абмежаваныя магчымасці зусім не перашкодзілі Ганне Івановай стаць не проста жыццярадасным чалавекам, але атрымаць прафесію эканаміста. А цяпер яна яшчэ і спецыяліст па вырошчванні архідэй. А перасоўваць гаршкі з кветкамі ёй пачынае дапамагаць 2-гадовы сын Матвей! Хутка, напэўна, і хлопчык зможа тлумачыць наведвальнікам наступнай выставы: "Для архідэі важна святло, свежае паветра, вада і падкормка, а таксама любоў!"

— Зімою нам не хапае сонца і яркіх фарбаў, таму да нас можна прыходзіць проста для ўзняцця настрою, — усміхаецца Вераніка. — Гэтая прыгажосць палепшыць ваш дзень!

Ілона Іванова
Звязда, 16 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/784/19409
Текущая дата: 17.11.2024