Белорусский портал в Казахстане

"Золата" — беларускім лялечнікам



Віцебскі "Беларускі тэатр "Лялька" стаў пераможцам на міжнародным фестывалі "Лялькові зустрічі", які адбыўся ў Данецку

Члены журы прызналі найлепшым з усіх прадстаўленых на фестывалі спектакль віцебскіх лялечнікаў для дарослых гледачоў "Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка" паводле адной з навел твора Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня".

Усяго ў рэпертуары віцебскага тэатра больш як трыццаць спектакляў, у тым ліку пяць — для дарослых. "Беларускі тэатр "Лялька" радуе публіку сваімі пастаноўкамі вось ужо 27-ы тэатральны сезон. І за гэтыя гады тэатр шмат разоў станавіўся пераможцам самых розных фестываляў. Акрамя таго, сёлета тэатр прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" ў Мінску. 12 лістапада віцебскі тэатр прэзентаваў на конкурсе ў Мінску відовішчны, насычаны песнямі і танцамі спектакль для дзяцей "Прынцэса і Свінапас" паводле казкі Ганса Крысціяна Андэрсена. Спектакль быў вельмі цёпла прыняты гледачом.

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 21 лістапада 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/803/17777
Текущая дата: 18.11.2024