Белорусский портал в Казахстане

Дзень у шляхецкай сядзібе



У Мінску 3 лістапада ў рамках праекта "Музейныя лабірынты" ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прайшла інтэрактыўная тэатральна-музычная акцыя "Адзін дзень з жыцця губернскага горада XIX стагоддзя. У гасцях у пана Кабылінскага".

На адзін дзень галерэя зноў ператварылася ў старажытную шляхецкую сядзібу, пабудаваную ў XVIII стагоддзі, гаспадарамі якой у розны час былі падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Міхаіл Пшэздзецкі, аптэкар Андрэй Станкевіч, гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ, мецэнат-калекцыянер Юрый Кабылінскі. Наведвальнікі галерэі сустрэліся з жыхарамі сядзібы розных эпох, мелі магчымасць навучыцца раскладваць старажытныя картачныя пасьянсы, пісаць гусіным пяром і нават гуляць у папулярныя пару стагоддзяў таму бірулькі.

У раскошным уборы сустракала гасцей адна з "гаспадынь сядзібы". "Мы прадстаўляем XVIII стагоддзе, я — пані Пшэздзецкая, — адрэкамендавалася яна, — а вось мой кавалер, гусар. Мне вельмі падабаецца гэтая эпоха, сукенкі, балі".

Спявак Віталь Жукаў выступаў у гэты дзень у ролі Юрыя Кабылінскага. У інтэрв`ю ён падзяліўся: "Гэтая благаславенныя сцены, якім 300 гадоў, калісьці чулі цудоўную музыку, і сёння мы робім спробу адрадзіць усё тое, што калісьці было страчана. Сёння будуць гучаць Шапэн і Агінскі, чардаш Монці. Мы аддаем даніну памяці гаспадарам гэтага дома, вядомым людзям Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага, нашай сумеснай гісторыі. Сёння гэтыя гістарычныя інтэр`еры, якія адрэстаўраваны, напоўніць экшэн. Мяне папрасілі апрануцца ў пана Кабылінскага — стваральніка першага ў горадзе публічнага музея".

БелаПАН
Мінск, 4 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/807/17381
Текущая дата: 18.11.2024