Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі стартавала грамадская кампанія ў абарону балот



Грамадскасць занепакоена планамі па перспектыўным уцягванні ў торфаздабычу новых падахоўных тэрыторый.

25 кастрычніка ў Беларусі стартавала грамадская кампанія ў абарону балот. У ёй бяруць удзел прыродаахоўныя грамадскія арганізацыі краіны, у тым ліку экалагічнае таварыства "Зялёная сетка", грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ), грамадскае аб`яднанне "Экадом", установа "Цэнтр экалагічных рашэнняў" і іншыя.

Як паведаміў адзін з прадстаўнікоў аргкамітэта кампаніі, дырэктар АПБ Віктар Фянчук, у межах ініцыятывы грамадскасці ідзе збор подпісаў пад петыцыяй у падтрымку адмены пастановы Саўміна № 794 "Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы падахоўных прыродных тэрыторый" ад 17 чэрвеня 2011 года. Гэта пастанова вызначае перспектыўныя радовішчы для здабычы торфу ў межах існых або запланаваных заказнікаў мясцовага і рэспубліканскага значэння.

У прыватнасці, здабыча торфу закране заказнікі "Выганашчанскае" ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, "Галубіцкая пушча" ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, "Дакудаўскі" у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, "Азёры" ў Гродзенскім раёне, "Вецярэвіцкі" ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, "Унухальскае-1" у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, а таксама перспектыўны водна-балотны заказнік рэспубліканскага значэння "Янка" ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці.

Грамадскасць таксама занепакоена планамі па перспектыўным уцягванні ў торфаздабычу новых падахоўных тэрыторый. Так, у выпадку ўнясення змяненняў у праграму "Торф" у 2013 годзе, торфараспрацоўкі могуць пачацца ў Нацыянальным парку "Прыпяцкі", Бярэзінскім біясферным запаведніку, рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Выганашчанскі", рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Сялява" і на іншых ахоўных тэрыторыях.

Грамадскасць заклікае ўрад адмовіцца ад планаў па здабычы торфу на ахоўных тэрыторыях. "Выкарыстанне малапрадуктыўных і закінутых тарфянікаў, раней часткова выпрацаваных і закінутых торфапляцовак, распрацоўка навукаёмістых тэхналогій, выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі дазволяць спыніць зусім непатрэбнае асушэнне запаведных тэрыторый", — гаворыцца ў петыцыі.

Эколагі падкрэсліваюць, што асушэнне буйных натуральных балот у межах ахоўных тэрыторый нясе "сур`ёзную пагрозу экалагічнай бяспецы" краіны і рэгіёну ў цэлым.

Як паведаміў Фянчук, збор подпісаў пад петыцыяй у абарону беларускіх балот вядзецца на сайце https://www.change.org і працягнецца да 2 лютага 2013 года. Затым петыцыю з подпісамі плануецца накіраваць прэм`ер-міністру Міхаілу Мясніковічу, кіраўніку спраў прэзідэнта Мікалаю Корбуту, а таксама міністрам эканомікі, энергетыкі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 25 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/810/17088
Текущая дата: 18.11.2024