Белорусский портал в Казахстане

Кіраўнік МАК Жак Роге: Мы паважаем рашэнне Еўракамісіі ўключыць Лукашэнку ў чорны спіс ЕС



"Лукашэнку не пусцілі на тэрыторыю Вялікабрытаніі, бо ён трапіў у чорны спіс Еўракамісіі ў Бруселі, і мы паважаем гэта рашэнне", — заявіў кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Жак Роге на прэс-канферэнцыі 27 ліпеня ў Лондане.

Пра гэта паведамляе РІА Новости.

Нагадаем, 25 ліпеня ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Беларусі БелаПАН паведамілі, што "прэзідэнт Лукашэнка знаходзіцца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз з прычыны яго ўдзелу ў парушэнні міжнародных стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года, а таксама далейшым падаўленні грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі". "Гэта забарона застаецца ў сіле і будзе дзейнічаць падчас Алімпійскіх гульняў. Рашэнне па гэтым пытанні не будзе зменена", — растлумачылі ў дыппрадстаўніцтве.

Інфармацыя аб тым, што беларускі кіраўнік не зможа наведаць Лондан, з`явілася ў "Твітэры" 24 ліпеня на старонцы першага віцэ-спікера Дзяржаўнай Думы РФ Аляксандра Жукава: "Прэзідэнту НАК Беларусі А.Лукашэнку аргкамітэт Алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыю. Спорт — па-за палітыкай? А што рабіць з алімпійскімі каштоўнасцямі і традыцыямі? Кожны школьнік ведае, што ў Грэцыі на час гульняў заключалі перамір`е".

Алімпіяда ў Лондане пройдзе з 27 ліпеня па 12 жніўня, цырымонія адкрыцця адбудзецца 27 ліпеня. Паводле звестак брытанскіх СМІ, на адкрыццё Гульняў прыбудзе рэкордная колькасць кіраўнікоў дзяржаў — прыкладна 120, але не прыедуць "лідары з чорнага спісу ЕС".

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч 26 ліпеня паведаміў БелаПАН, што на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў будзе прысутнічаць намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік.

Лукашэнка наведваў летнія Алімпійскія гульні 2008 года ў Пекіне і зімовыя Алімпійскія гульні 1998 года ў Нагана.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 27 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/826/15395
Текущая дата: 19.11.2024