Белорусский портал в Казахстане

Барацінка на майскім агародзе



У вёсцы знайшлі старажытную манету, якая стала сямейным скарбам.

Эсьмонскі край на Бялыніччыне поўны розных таямніц. "Звязда" расказвала ўжо пра каменны крыж у лесе, святую крыніцу, камяні з загадкавымі сімваламі на могілках у вёсцы Майск. Майск — савецкая назва старажытнага паселішча, якое раней звалася Пупсай. Менавіта там жылі бабуля і дзед супрацоўніцы раённай газеты "Зара над Друццю" Наталлі Зубрыцкай.

— У Майску засталася старая хата, і мы там аралі агарод, — расказала калега. — Сваяк заўважыў у зямлі маленькі круглы прадмет. Гэта аказалася манетка — медная, з зялёнай пацінай. Меркавалі спачатку, што гэта савецкая капейка. Але потым аказалася, што гэта старажытная манетка, якая называецца барацінкай і адносіцца да другой паловы ХVІІ стагоддзя.

Гэта была першая крэдытная манета Рэчы Паспалітай. Яе называлі шэлегам (альбо солідам), а барацінкай — ад Ціта Лівія Бараціні, які быў тагачасным загадчыкам кракаўскага меднага двара. Рэальная вартасць гэтай меднай манеты была вельмі нізкая, таму падробкі нярэдка мелі не горшую якасць і прызнаваліся на рынку сапраўдным плацежным сродкам. Лічыцца, што дзясятая частка барацінак — якраз фальшыўкі. Увогуле, разам з несапраўднымі манетамі было зроблена больш за мільярд барацінак, якімі карысталіся да другой паловы ХVІІІ стагоддзя.

Адрозніваюць літоўскія і польскія барацінкі, і знойдзеная на майскім агародзе — якраз літоўскага ўзору. Дыяметр — усяго 15-16 міліметраў. Наталля Зубрыцкая і цяпер здзіўляецца, як можна было заўважыць на зямлі такую драбязу.

— А яшчэ больш здзіўляе, адкуль яна ўзялася на нашым агародзе, — працягвае яна. — Мае продкі былі вельмі беднымі людзьмі. Вядома, што ў часы Сярэднявечча людзі кідалі барацінкі за спіну і загадвалі добрае надвор`е. А на Вялікдзень сяляне, калі чыталі малітву, раскідвалі манеты разам з куццёй і кавалкамі велікоднага яйка "на вялікі ўраджай". Можа, якім-небудзь такім чынам ад больш заможных суседзяў барацінка і трапіла на нашу сядзібу?..

Так ці іначай, але барацінка застанецца ў сям`і. Яе матэрыяльная вартасць невялікая: на інтэрнэт-аўкцыёнах барацінкі цяпер прадаюцца, так бы мовіць, жменямі. Стартавы кошт адной манеткі — долар. Але Наталлі Зубрыцкай і яе сваякам важная іншая — памятная — каштоўнасць знойдзенай на агародзе барацінкі.

Ілона Іванова
Звязда, 17 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/839/14152
Текущая дата: 18.11.2024